БеларускаяНавіны 23.09.2014

Беларусь “адмяжоўваецца” ад Расіі?

hranice (2)4 верасня 2014 г. Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ аб увядзенні рэжыму памежнай тэрыторыі ў адміністратыўных тэрыяторыях, што знаходзяцца наўпрост на мяжы з Расійскай Федэрацыяй. 

У прэсавай службе беларускага кіраўніка патлумачылі гэта неабходнасцю стварыць умовы належнай працы памежнікаў у гэтых раёнах, іх супрацы з расійскімі памежнікамі для барацьбы з незаконай міграцыяй, наркатрафікам і незаконнага перасоўвання тавараў і каштоўнасцяў.

Агулам дзяржаўная мяжа Беларусі складае 3617 кіламетраў:  мяжа з ЕС 1250 км, з Расіяй 1283 км, і з Украінай 1084 км адпаведна.

З іх афіцыйна назваць мяжу мяжой выпадае хіба што на ўчастку з  ЕС. Дый там працэс дэмаркацыі скончыўся зусім нядаўна. Так, апошні стык з Літвой і Польшчай быў дэмаркаваны толькі  ў 2012, прытым што асобна з Польшчай дэмаркацыя была праведзена яшчэ за савецкім часам. Увесь гэты працяглы час фінансаванне дэмаркацыі ўласна беларускага боку праходзіла і з еўрапейскіх крыніц.

Так, паводле інфармацыі Прадстаўніцтва ЕС ў Беларусі, з 2001 года  ЕС праінвеставаў толькі ў мытню і памежную службу Беларусі 74 мільёны еўра. Рэсурсы былі выдаткаваныя на дэмаркацыю літоўскага і латвійскага ўчасткаў мяжы, абсталяванне для памежных пунктаў і пераходаў, навучанне беларускіх спецыялістаў.

Трэба сказаць, што дадзеныя праекты насамрэч эфектыўна працуюць з пункту гледжання чыноўнікаў ЕС. Так, паводле кіраўніка прадстаўніцтва ЕС у Мінску Майры Моры за год на паўдневай мяжы ЕС фіксуецца каля  50 000 выпадкаў незаконнай міграцыі, у той час як на беларускім участку толькі  1 700.

Абсалютная большасць нелегальных мігрантаў нават не даходзіць да польскіх ці літоўскіх памежнікаў, таму што іх затрымліваюць яшчэ на беларускім баку. Беларускія дзяржаўныя медыя штотыдня інфармуюць аб затрыманнях вялікіх групаў грамадзян Азіі ці Каўказу, што спрабавалі нелегальна перайсці мяжу.

У той жа час дзве траціны дзяржмяжы Беларусі ці недэмаркаваны (як з Украінай), ці наогул адсутнічаюць (расійскі участак).

З рацыянальнага пункту гледжання ўсходняя мяжа даўно мелася быць прычым у інтарэсах і Беларусі, і Расіі. Так, вялікая колькасць транзітных нелегалаў нават бы не перасякала мяжу на усходзе і што адпаведна дазволіла б палегчыць працу на заходнім участку. Расійскі бок таксама скараціў бы і так велізарную плынь нелегалаў, якія выкарыстоўвалі Беларусь як дзіру для далейшага транзіту у РФ.

Але ідэалагічна  гэта бы карэнным чынам перакрэслівала абяцанні маладога Лукашэнкі з ягонымі планамі сапраўднай Саюзнай дзяржавы з Расіяй.

А эканамічна таксама падарвала б магчымасць рэгулярнай кантрабанды з ЕС у Расію.

Тым не менш паводле беларускага аналітыка Паратнікава яшчэ ў 2012 годзе праходзілі неафіцыйныя вучэнні памежнікаў на ўсходняй мяжы з адпрацоўкай задачы перакрыцця мяжы. Але памежнікі сутыкнулся з праблемай поўнай адстутнасці памежнай інфраструктуры. Таму, па словах аналітыка, падзеі ва Ўкраіне толькі паскорылі вырашэнне праблемы.

Афіцыйна размовы аб аднаўленні паўнавартаснай мяжы не ідзе. Тым не менш, увядзенне памежнага рэжыму наўпрост абумоўлівае пастаянную прысутнасць памежнікаў на мяжы і забарону на прысутнасць немясцовых жыхароў на тэрыторыі без узгаднення з уладамі.