БеларускаяНавіны 26.05.2015

Беларусь далучылася да Балонскага працэсу

Bologna_obr14 траўня 2015 года Беларусь афіцыйна далучылася да Балонскага працэсу і Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Адпаведнае рашэнне было прынята ў Ерэване на Канферэнцыі міністраў адукацыі краін ЕПВА і форуме па Балонскай палітыцы.

Такім чынам, другая спроба беларускіх уладаў далучыцца да Балонскага працэсу скончылася поспехам. Першую заяўку у красавіку 2012 года  адмовіліся нават разглядаць і знялі з парадку дня. Прычынай  такога рашэння Балонская рабочая група назвала невыкананне базавых прынцыпаў Балонскага працэсу: акадэмічная свабода, інстытуцыйная аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй.

Гэтым разам лабіяваннем заяўкі займаўся новы беларускі міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, які ўжо загадзя выказваў упэўненасць у задавальненні беларускай заяўкі. Пасля прыняцця ж станоўчага рашэння Жураўкоў заявіў: «Уключэнне нас у Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі адлюстроўвае прызнанне сусветнай грамадскасцю беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі і пацвярджае факт таго, што нацыянальная мадэль канкурэнтаздольная і зможа інтэгравацца ў сусветную адукацыйную прастору».

Тым не менш, зараз Беларусь прынамсі дэкларатыўна мусіць выканаць шэраг абавязкаў, якія ўскладае адмыслова складзеная для яе дарожная мапа. Канкрэтны змест мапы пакуль не вядомы грамадскасці, аднак стэнаграма канферэнцыі дазваляе сказаць, што перадусім ішла гаворка пра пытанні яшчэ трохгадовай даўніны: акадэмічныя свабоды, студэнцкае самакіраванне і г.д. Пад час дыскусіі міністры адукацыі Нарвегіі, Швецыі, Нідэрландаў і Ісландыі неаднаразова падкрэслілі неабходнасць выканання Беларуссю дадзеных ўмоваў і нават патрабавалі дадатковых пісьмовых гарантый іх выканання ад беларускага боку. Справа ў тым, што Беларусь першая краіна, якую прымаюць у Балонскі працэс “авансам”, і менавіта дарожная мапа мела быць гарантыяй будучых змен. Але ў выніку прыняццё адбылося без дадатковай фіксацыі умоў.

Трэба аддаць належнае, “тэхнічна” Беларусь добра падрыхтавалася за апошнія гады. Гэтак, быў уведзены бакалаўрыят і магістратура. Пры міністэрстве адукацыі з’явіўся першы кансультацыйны студэнцкі савет (праўда, створаны ён быў літаральна за некалькі месяцаў да саміта ў Ерэване і паводле апытанняў Грамадскага Балонскага Камітэта большасць студэнтаў нават не пачула аб яго існаванні). Кожны універсітэт мае Савет, куды ўваходзяць студэнты (не менш за 25%).  Амаль на ўсіх факультэтах у беларускіх ВНУ выкладаюць шэраг прадметаў на англійскай мове.

Аднак, Беларусь па-ранейшаму захоўвае шэраг “асаблівасцяў”, якія наўрад ці адпавядаюць еўрапейскім стандартам.

Напрыклад, абавязковае размеркаванне. Штогод каля 19 тысяч выпускнікоў едуць па ўсіх рэгіёнах краіны адпрацоўваць 2 гады па месцы, вызначаным дзяржавай, бо вучыліся бясплатна.

Цяжка будзе зразумець і ціск з боку ўладаў на выкладчыкаў. А менавіта так ў Гродна быў пазбаўлены працы цэлы шэраг выкладчыкаў-гісторыкаў,  даследаванні якіх не спадабаліся мясцовым чыноўнікам.

Рэктары беларускіх ВНУ з 1997 года не абіраюцца, а прызначаюцца прэзідэнтам краіны. Два рэктары наогул знаходзяцца у “чорным спісе” ЕС : Міхаіл Батура з універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі і рэктар БДУ Сяргей Абламейка. Ім забаронены ўезд у краіны ЕС, бо іх палічылі вінаватымі ў рэпрэсіях супраць студэнтаў пасля выбараў прэзідэнта 2010 года.

І гэта не кажучы пра дзесяткі адлічаных студэнтаў штогод у сувязі ўдзелам у акцыях пратэсту ці грамадзянскім актывізмам.

Менавіта рэпрэсіі супраць студэнтаў і выкладчыкаў, адсутнасць належнай акадэмічнай свабоды і непакоілі ў Ерэване тую ж нарвежскую дэлегацыю. І шматлікія аналітыкі вельмі сумняюцца ў жаданні Беларусі выправіць гэтыя праблемы.