БеларускаяНавіны 01.02.2016

Беларусь пасля выбараў: сітуацыя з правамі чалавека

флаг

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2015 года Беларусь упершыню за апошнія 20 год не толькі не трапіла пад ужо звыклую хвалю крытыкі еўрапейскіх палітыкаў, але нават яшчэ і здолела (хай сабе пакуль што і часова) прыпыніць шматгадовыя санкцыі. Безумоўна, гэтым разам Лукашэнка зноў выпусціў на свабоду ўсіх палітычных вязняў, захаваўшы пры гэтым хаця б знешне свой вобраз непахіснага перад Захадам палітыка.

З моманту выбараў прайло 3 месяцы, санкцыі былі прыпынены толькі на 4 месяцы, а міністр замежных справаў Макей лічыць, што Беларусі  ўжо трэба дамагацца і поўнай адмены санкцый.

Відавочна, што ў параўнанні з унутрыеўрапейскімі праблемамі і паводзінамі Масквы Беларусь выглядае больш-менш адэкватным суседам. Да таго ж новых рэпрэсій, здаецца, не відаць. Аднак, калі глыбей паглядзець да сітуацыі, усё па-ранейшаму не так проста. Спынімся на некалькіх асноўных момантах, што вынікаюць з рэгулярных справаздач беларускіх праваабаронцаў.

1. Дагэтуль не спыненыя цэлы шэраг крымінальных справаў, што былі ўзбуджаныя яшчэ да выбараў. Перадусім гэта справы былога кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча (абвінавачванне ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года), журналіста Аляксандра Алесіна (абвінавачванне ў супрацы з заменымі спецслужбамі), справа графітыстаў М. Пякарскага, В. Жаромскага, В. Касінерава (за нанясенне графіці “Беларусь мае быць беларускай” з закрэсленымі савецкімі і нацысцкімі сіваламі і былі абвінавачаныя ў грубай непавазе да грамадства).

І хоць графіцісты пераследуюцца шмат дзе (перадусім за псаванне чужой маёмасці), у дадзеным выпадку размах дзяржаўнага пераследу ўразіў нават беларусаў–затрыманне спецыяльнымі сіламі скончылася не толькі следчым ізалятарам, але і зламанай сківіцай аднаго з хлапцоў.

poszug0905-qluzg

Праваабарончы цэнтр “Вясна” адзначае, што па выніках праведзенай дзяржаўнай экспертызы прыкметаў экстрэмізму ў малюнках выяўлена не было.

Усе гэтыя крымінальныя справы могуць быць актывізаваны і перададзены ў суд у любы момант.

2. Толькі за 3 месяцы 2 новых смяротных прысуды. 20 лістапада быў асуджаны Іван Куляш, і ўжо ў гэтым годзе, 5 студзеня быў вынесены смяротны прысуд Генадзю Якавіцкаму. Выпадак Генадзя Якавіцкага асаблівы- да расстрэлу прысудзілі чалавека, які ўжо быў асуджаны на смерць раней

3. Новая практыка–штрафы заместа арыштаў. Нягледзячы на стагнацыю палітычнага жыцця, вулічныя акцыі пратэсту і пікеты адбываюцца рэгулярна. Раней сапраўды абсалютная большасць удзельнікаў гэтых акцый каралася арыштамі ад 7 да 15 дзен. У гэтым плане сітуацыя змянілася і суды пачалі караць фінансава. Толькі за перыяд з канца кастрычніка на момант напісання дадзенага матэрыяла было вядома пра мінімум дзесяць аштрафаваных актывістаў і журналістаў на агульную сумму каля 90 мільёнаў (болей за 4 тысячы даляраў). Напрыклад, толькі адзін Максім Вінярскі за непоўны студзень быў аштрафаваны на 25 мільенаў рублеў. Абсалютная большасць штрафаў была прызначана за правядзенне мітынгаў і пікетаў без дазвола ўлады. Журналісты абвінавачваліся ў працы на замежныя медыя без акрэдытацыі.

4. Першае гучнае палітычнае адлічэнне студэнта пасля далучэння да Балонскага працэса. У лістападзе 2015 г. адміністрацыя БДУ абвесціла аб намеры зрабіць платнымі ўсе пераздачы залікаў і іспытаў. Такая практыка раней ужо існавала ў некаторых іншых беларускіх унверсітэтах, аднак для БДУ сталася нечым новым. 2 снежня некалькі дзясяткаў беларускіх студэнтаў правялі пад сценамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта марш супраць гэтае меры. Некалькі студэнтаў было аштрафаваны, а студэнт філалагічнага факультэту Глеб Вайкуль праз месяц быў адлічаны, афіцыйна за нездадзены залік. Скаргі Вайкуля рэктару засталіся без задавальнення.

Міністр адукацыі Жураўкоў заявіў, што наступным разам кіраўніцтвам ВНУ трэба дзейнічаць больш рашуча.

Варта таксама адзначыць, што у 2015 годзе, пасля прыняцця Беларусі ў Балонскі працэс, удвая была скарочаная дзейнасць “Праграмы Каліноўскага”, у рамках якой адлічаныя з-за палітычнага пераследу студэнты працягвалі вучобу ў Польшчы.

5. Міністэрства юстыцыі па-ранейшаму адмаўляе ў рэгістрацыі апазіцыйным палітычным рухам: кампаніі “Гавары праўду” і партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, моладзевай арганізацыі “Новая альтэрнатыва”. Нагадаем, у Беларусі па-ранейшаму дзейнічае крымінальная адказнасць за сам факт дзеяння ад імя незарэгістраванай арганізацыію

І апошняе, але не менш істотнае У Беларусі упершыню з 2008 года набіраюць сілу прадпрымальніцкія пратэсты. Хаця прычына іх не палягае ў сферы правоў чалавека (разыходжанні ў санітарных патрабаваннях да тавараў у  Беларусі і Расіі), тым не менш можна адзначыць, што ўлады робяць перашкоды нават для легальных сходаў зарэгістраванай прадпрымальніцкай арганізацыі. Па стане на 22 студзеня прадпрымальнікам масава адмаўлялі нават у арэндзе памяшкання для правядзення нацыянальнага форума. Прэзідэнт Лукашэнка заявіў, што салодкі час гэтай групы людзей скончаны.