БеларускаяНавіны 01.06.2016

Беларусь праз 30 год пасля Чарнобыля: старыя праблемы, новыя выклікі.

Беларусь праз 30 год пасля Чарнобыля: старыя праблемы, новыя выклікі.

З нагоды трыццацігодзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС адразу некалькі навін з Беларусі нагадалі, наколькі нестабільнай застаецца сітуацыя з ядзернай бяспекай і ў самой Беларусі, і ў цэлай усходняй Еўропе.

У першую чаргу размова ідзе аб скандальным матэрыяле Assotiated Press аб забруджаных радыёнуклідамі прадуктах. Журналісты агенцыі Юрась Карманаў і Сяргей Грыц наведалі адно з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Гомельскай вобласці, што знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці да забруджаных і адселеных тэрыторыяў, і вырашылі самастойна праверыць ці бяспечнае гэтае малако. Вынікі экспертызы ў дзяржаўным Менскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі паказалі, што колькасць стронцыя-90 ў малаке ў 10 разоў перавышае норму. Пасля міжнароднага рэзанансу тыя ж самыя дзяржаўныя эксперты публічна адмовілі сам факт правядзення такой экспертызы, а беларускія ўлады абвінавацілі журналістаў ў падмане. Цікава аднак, што да звычайнага ў такіх выпадках у Беларусі судовага пераследа журналістаў справа не дайшла.

460x

У самой Беларусі матэрыял не стаўся навіной. Лукашэнка актыўна праводзіць палітыку на вяртанне забруджаных зямель ў сельскую гаспадарку, з-за чаго ўжо даўно вядзецца размова аб змене стандартаў ацэнкі забруджанасці тэрыторый. Да таго ж прадукты з утрыманнем радыёнуклідаў часта выяўляліся і ў самой Беларусі, і вывозіліся на продаж у Расію.

Значна большым рэзанансам сталася паведамленне незалежных СМІ аб аварыі на будоўлі Беларускай АЭС, а канкрэтна аб абвале канструкцый аднаго з будучых ядзерных аб’ектаў. Інфармацыя дашла да грамадскасці толькі ў траўні, але паспела нарабіць шуму. Звычайна беларускія ўлады стараюцца не каментаваць такога кшталту чуткі, называючы ўсё гэта дэструктыўнай працай апазіцыі. Аднак пасля ноты пратэста з боку Літвы, сталіца якой Вільнюс знаходзіцца ўсяго толькі 50 кіламетрах ад будучай ядзернай станцыі, міністэрства энэргетыкі сустрэлася з літоўскім амбасадарам і распаўсюдзіла афіцыйныя каментары аб здарэнні. Паводле міністэрства, інцыдэнт сапраўды меў месца, аднак размова ідзе аб гаспадарчай будове. І, вядома, усё было выпраўлена.

Навіна, тым не менш, вярнула цікавасць грамадства да праекта будоўлі АЭС і ўзмацніла пазіцыі праціўнікаў станцыі.

Асноўных праціўнікаў у Астравецкай АЭС два—гэта ўнутрыбеларуская грамадзянская супольнасць (на чале з “зяленымі” арганізацыямі) і Літоўская рэспубліка.

Зялёныя праводзяць антыядзерную кампанію яшчэ з 2008 года і абвінавачваюць улады перадусім у недасканалам, а часам і адвольным выкананні як міжнародных ядзерных і экалагічных пагадненняў, так і ўласна беларускага заканадаўства. І сапраўды, толькі дзякуючы зялёным беларусы даведаліся, што будаўніцтва станцыі пачалося яшчэ да зацвярджэння генеральнага плана і пра прафанацыю грамадскіх слуханняў.

Černobyl

Камунікацыя з літоўскім бокам таксама правалена. Практычна ўсе двухбаковыя перамовы па станцыі вядуцца толькі з пасярэдніцтвам МАГАТЭ. Літва паслядоўна адмаўляецца пагаджацца на такі аб’ект на сваіх межах. І справа не толькі ў экалогіі. Шмат хто з літоўскіх палітыкаў і самі нядаўна хацелі будаваць новую АЭС у Літве замест зачыненай Ігналінскай.

Праблема яшчэ і ў тым, што Літва акурат да 2016 года планавала выйсці з гэтага вымушанай энэргетычнай супрацы з Расіяй і Беларуссю і цалкам пераарыентавацца на лініі ЕС. Сёння ж інфраструктурна Літва яшчэ па-ранейшаму застаецца ўдзельнікам агульнай энэргетычнай сістэмы БРЭЛЛ (Беларусь, Расія, Эстонія, Літва, Латвія). З’яўленне таннай энэргіі з Беларускай АЭС можа паставіць пад сумнеў мэтазгоднасць поўнага адмаўлення ад БРЭЛЛ. Менавіта таму прэзідэнт Літвы даручыла даследаваць магчымасць байкота электраэнергіі з гэтай АЭС.

АЭС і сапраўды выглядае больш замаскіраваным расійскім праектам утрымання энэргетычнага кантроля над рэгіёнам. Лічыце самі. Станцыя будуецца па расійскім праекце расійскім падрадчыкам, на будаванне станцыі Беларуссю атрыманы расійскі ж крэдыт на 10 мільярдаў даляраў. Больш за тое, расійскія будаўнікі апошні год працуюць нават сабе ў мінус, бо згодна дамоваў прымаюць аплату ў расійскай валюце, якая істотна абвалілася.

Прадстаўнік Ростама Аляксандр Локшын ўжо заявіў, што такі падыход беспрэцэдэнты ў іх практыцы: “Гэтая станцыя будзе самая танная. І не таму танная, што там не будзе чагосьці такога, што ёсць на іншых блоках. А таму што мы пайшлі на бэспрэцэдэнтны спосаб пабудовы—мы будуем не за даляры, а строім так сама, як і ў сябе ў Расіі…З улікам валютных адхіленняў сапраўды гэта будзе самая танная станцыя—нават прадставіць сабе не магу, каб мы дзесьці падпісалі кантракт з такім коштам”.

Нядзіва, што літоўскі бок максімальна ўскладняе міжнароднае прызнанне праекта.

Тым не менш, менавіта праз жорсткую пазіцыю літоўцаў Беларусь з аднаго боку змушаная пастаянна запрашаць міжнародных экспертаў з МАГАТЭ, а па другое пагадзілася на правядзенне да канца 2016 года стрэс-тэстаў на бяспеку паводле апошніх еўрапейскіх стандартаў.

Расійскія канструктары станцыі сцвярджаюць, што рэактар адпавядае самым апошнім стандартам і ўлічвае ў тым ліку аварыю на японскай АЭС “Фукусіма”. Праціўнікі станцыі ж справядліва адказваюць, што гэты новы рэактар пакуль што нідзе не быў выпрабаваны, што такім чынам робіць беларуска-літоўскае памежжа выпрабавальным палігонам.