БеларускаяНавіны 17.03.2016

Кадравая палітыка па-беларуску

amnestie

Кадравая палітыка беларускага прэзідэнта традыцыйна адзначаецца нежаданнем прымаць у сістэму новых людзей.  Гэтак, ужо ў 1990-я гады Лукашэнка вельмі часта аддаваў перавагу апальным, але дасведчаны чыноўнікам. Так вярнуўся ва ўладу былы паплечнік па перадвыбарчай камандзе 1994 года Дзмітрый Булахаў. Так стаў амбасадарам у Японіі былы міністр замежных справаў Пётр Краўчанка. Нават былы супернік на выбарах 2001 года Сямён Домаш не застаўся без працы, атрымаўшы пад сваё кіраўніцтва маленькае прадпрыемства ў Гродзенскай вобласці. Такія ўчынкі звычайна тлумачыліся камсамольска-наменклатурнай салідарнасцю—“сваіх не кідаем, нават калі яны былі супраць нас”.

Увесь гэты час але такая палітыка не сказаць каб шырока практыкавалася ў дачыненні да чыноўнікаў ніжэйшых эшэлонаў. Асуджаны за карупцыю чыноўнік і пасля вызвалення проста па законе абмяжоўваўся ў праве займаць хоць нейкія кіроўчыя пасады.  Тым не менш, кадравы дэфіціт вымусіў ісці на саступкі і тут.

Адзін з першых выпадкаў стаў вядомым грамадзкасці яшчэ некалькі гадоў таму. Былы дырэктар буйнейшага дзяржаўнага канцэрну “Белнафтахім” Аляксандр Бароўскі, асуджаны за карупцыю ў 2007 годзе на 5 гадоў турмы, ужо праз год быў вызвалены, амніставаны і ў 2009 прызначаны кіраўніком Мінскага аўтамабільнага заводу. Менавіта тады журналісты ўпершыню правялі аналогію са сталінскімі метадамі кадравай працы ( у 1937-1941 вялікая частка генералаў Чырвонай арміі была рэпрэсавана, але частку выжыўшых вярталі на адказныя пазіцыі ва ўмовах адсутнасці належным чынам падрыхтаваных  кадраў).

Метад прадэманстраваў сваю эфектыўнасць. Прайшоўшыя праз турмы чыноўнікі станавіліся больш пакладзістымі і трывала засвойвалі хто ў хаце гаспадар. Аляксандр Лукашэнка аднойчы  нават пажартаваў з гэтае нагоды перад расійскімі журналістамі:  “Вы ведаеце, я часта так жартам кажу, што ўсіх членаў урада трэба праз турму правесці, каб так працавалі”.

Новая хваля амністыі, аднак, здзіўляе нават абазнаных.

Напрыклад, былы намеснік генеральнага пракурора Беларусі Аляксандр Архіпаў . У 2014 годзе асуджаны на 6 год за спробу адмазаць ад адказнасці кіроўцу, па віне якога загінула пасажырка. Разам з ім на лаве падсудных аказаўся і знакавы для наменклатуры палітык Уладзімір Канаплёў (паплечнік Лукашэнкі яшчэ з дапрэзідэнцкіх часоў, былы старшыня Палаты прадстаўнікоў). Канаплёву прысудзілі вялізны штраф, пракурор жа атрымаў пазбаўленне волі. Тым не менш у студзені 2016 г. гэты чалавек вызвалены і нават кіруе аднім з беларускіх калгасаў. У размове з журналістамі экс-пракурор не раскрываў падрабязнасці вызвалення і ўсяляк падкрэсліваў сваю персанальную ўдзячнасць і адданасць Аляксандру Лукашэнку.

Цягам яшчэ некалькіх дзён высвятлілася, што гэты выпадак не адзіны. Гэтак, былы намеснік дырэктара “Белнафтахіма” Уладзімір Волкаў, у 2014 г. асуджаны за карупцыю на 8 год, у лютым 2016 года быў вызвалены з калоніі і накіраваны працаваць на адно з нафтаперапрацоўчых прадпрыемств краіны. Былы кіраўнік “Магілёўдрэва”, таксама асуджаны ў 2014 годзе на 8 год, зараз працуе на магілеўскім прадпрыемстве “Строммашына”.  Гэтак жа турэмную робу на дырэктарскае крэсла змяніў былы кіраўнік Чашніцкага раёна Уладзімер Булай.

Ва ўсіх гэтых выпадках вядома, што ініцыятыва вяртання асуджаных чыноўнікаў з турмаў на дырэктарскія пазіцыі належала дэпутатам палаты прадстаўнікоў, якія разам з саветам міністраў падалі прэзідэнту цэлы спіс сваіх былых калегаў. Наяўнасць прэзідэнцкага подпісу падцвердзілі і самі вызваленыя людзі.

Пытанне, як гэтыя прызначэнні дапасуюцца з антыкарупцыйным заканадаўствам, паводле якога кіроўчыя пасады проста выключаны, Вярхоўны суд адмовіўся каментаваць.

Аднак, відавочна, што грамадскасці вядомы яшчэ не ўвесь спіс. Напрыклад, памілаванне былога кіраўніка прэзідэнцкага санаторыя “Белая Русь” у Сочы пакуль не скончылася прызначэннем, але спецыялісты лічаць што гэта з’ява аднаго парадку.

Такі „творчы” падыход працуе і ў дачыненні да буйнейшых бізнэсоўцаў. Толькі за апошнія два гады паспелі трапіць за краты, кампенсаваць дзяржаве страты і атрымаць памілаванне такія бізнэсоўцы як Андрэй Паўлоўскі (бізнэсоўца і сенатар), Віталь Кастагораў (бізнэсоўца і сенатар), Віктар Пракапеня (IT-бізнэс) і іншыя. 14 сакавіка стала вядома пра арышты бізнэсоўцаў Юрыя Чыжа і Яўгена Баскіна. Калі пра абвінавачванні супраць Баскіна грунтоўнай інфармацыі няма, то арышт Юрыя Чыжа, асабістага сябра Аляксандра Лукашэнкі, скалыхнуў краіну. Яшчэ нядаўна за сяброўства з беларускім прэзідэнтам Чыж трапіў і пад апошнія еўрапейскія санкцыі. Цяпер іх змянілі санкцыі айчынныя. Афіцыйная прычына: ухіленне ад уплаты падаткаў.

Тым не менш мала хто сумняецца, што і бізнэсоўцы з новае хвалі арыштаваных выйдуць на свабоду і працягнуць бізнэс, як толькі належным чынам падзеляцца з дзяржавай.