БеларускаяНавіны 11.12.2014

Кошт свабоды слова

slovo2 снежня 2014 г. гарадзенскі журналіст-фрылансер Андрэй Мялешка быў аштрафаваны за незаконную журналістскую дзейнасць. Цяпер паводле рашэння суддзі Юрыя Казакевіча Мялешка мусіць сплаціць  дзяржаве  6 мільёнаў рублеў (прыкладна 450 еўра).

Гэта ўжо трэцяе за гэты год спагнанне, які Мялешка  мусіць сплаціць бюджэту. Кожны раз прычына судовай справы ў яго дачыненні была тая ж самая–незаконнае ажыццяўленне журналісцкай дзейнасці ў Беларусі, а менавіта чарговыя ягоныя матэрыялы для “Радыё Рацыя”, што вяшчае на тэрыторыю Беларусі з Польшчы.

Справа Мялешкі стала чарговай ў адмысловай хвалі судоў і штрафаў, што дзіўным чынам апошнiм часам накрывае выключна незалежных беларускіх журналістаў, што супрацоунiчаюць са СМI, незарэгiстраванымi у Беларусi.

Так, толькі за бягучы год па гэтым самым абвінавачанні былі асуджаныя да штрафаў журналісты: Марына Малчанава (Бабруйск), Яўген Скрабец (Берасце), Аліна Літвінчук (Берасце), Мікола Бянько, Юлія Сівец (Гомель), Алесь Буракоў, Міхась Аршынскі(Магілёў, Алесь Дзянісаў, Алесь Залеўскі (Гарадзенская вобласць).

Чакае суду па падобным абвінавачванні Тамара Шчапёткіна (Бяроза),

Ужо атрымалі папярэджанні ад пракуратуры  журналісты Максім Хлябец і Алена Сцяпанава.

Безумоўна, нельга сказаць што журналісты не намагаліся вырашыць гэтую праблему раней. Так, журналіст “Рацыі” Віктар Парфёненка ўжо 7 разоў безрэзультатна спрабаваў атрымаць акрэдытацыю МЗС Беларусі.

Самі незалежныя медыя Радыё Рацыя” і тэлеканал “Белсат” таксама ужо шмат год дабіваюцца афіцыйнай акрэдытацыі сваіх журналістаў у Беларусі, але пастаянна атрымліваюць адмовы ад беларускага МЗС.

Тым не менш, “дзякуючы” асаблівасцям беларускага заканадаўства нават згода афіцыйнага Мінску зарэгістраваць “Рацыю” і “Белсат” патэнцыйна нічога не гарантуюць журналістам, паколькі тыя  мусяць самі асобна прайсці iндывiдуальную рэгістрацыю ў МЗС.

Разам з тым і зарэгістраваныя СМІ не могуць адчуваць сябе спакойна. Так,  карэспандэнцкi пункт “Еўрапейскае радыё для Беларусі” хоць і мае ужо 5 год як рэгiстрацыю МЗС , кожны раз атрымлівае працяг акрэдытацыі толькі на 1 год і  толькі пад самы занавес сканчэння сваёй бягучай акрэдытацыі.