БеларускаяНавіны 01.11.2016

“Польскі” год беларускай дыпламатыі.

2015-2016 гг. для беларускай дыпламатыі выдаліся (прынамсі ў параўнанні з апошнім дзесяцігоддзем) такімі інтэнсіўнымі, што рэгулярнымі візітамі еўрапейскіх палітыкаў у Менск і наадварот ужо нікога  не здзівіць. Тым не менш, і на гэтым фоне асобна можна адзначыць чарговую спробу паляпшэння двухбаковых стасункаў з Польшчай.

Глядзіце самі. Спачатку 22-23 сакавіка 2016 у Менск прыязджае польскі міністр замежных спраў Вашчыкоўскі. Па словах беларускага міністра Макея, у такім фармаце сустрэч паміж Менскам і Варшавай не было 8 год. І гэта праўда, калі не лічыць сумесны сумесны ваяж Сікорскага і Вэстэрвэлле ў Менск падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. Пасля якога здарыўся брутальны разгон дэманстрацыі 19 снежня і кантакты сталі вельмі абмежаванымі.

polsko

Але насамрэч, такіх сустрэч не было ці не з пачатку 90-х гадоў. Упершыню польскі міністр у Менску змог адкрыта заявіць: “Мы ў стане весці дыялог па сутнасці, без залішняй палітызацыі”. Вашчыкоўскі падкрэсліў, што прыехаў па ўласнай ініцыятыве і, што важна, каб весці перамовы без папярэдніх умоваў. Апроч Макея, Вашчыкоўскі сустрэўся з Лукашэнкам і наведаў Гродзенскую вобласць для сустрэчы з польскай меншасцю.

За наступныя паўгады Беларусь наведалі таксама міністры інфраструктуры і будаўніцтва Анжэй Адамчык, марскога і ўнутранага транспарту Марэк Грубарчык, сельскай гаспадаркі Кшыштаф Юргель , аховы прыроды Ян Шышко. У самой Варшаве прымалі спачатку  намесніцу міністра замежных спраў Алену Купчыну (якая разам са сваім шэфам Макеем лічыцца адной з галоўных перамоўшчыц з Захадам), а потым 10 кастрычніка ў Варшаву прыехаў і сам Макей.

Троху па-за ўвагай журналістаў (але не менш важным для Менску) сталася таксама аднаўленне парламенцкай супрацы. Гэтак, апошнім разам беларуска-польская міжпарламенцкая група ў польскім сейме працавала яшчэ ў 2005 годзе, аднак, пасля ціску беларускіх уладаў на непадкантрольны ім саюз беларускіх палякаў, спыніла сваю працу. Пасля гэтага “беларускае” пытанне ў сейме калі і гучала, то толькі дзякуючы групе дэпутата Роберта Тышкевіча за дэмакратызацыю Беларусі. І хоць Тышкевіч належыць да апазіцыйнай сёння PO, у групе ёсць і дэпутаты ад PiS.

Тым не менш, адразу пасля візіту Вашчыкоўскага ў Менск, маршалак сейму Марэк Кухціньскі  даў дазвол на аднаўленне білатэральнай міжпарламентскай групы. Больш за тое, была створана новая унутрысеймавая група па працы з Беларуссю, прыярытэты якой выразна адрозніваюцца ад групы Тышкевіча. Напрыклад, яе кіраўнік дэпутат Адам Андрушкевіч заявіў, што Польшча больш не можа рабіць выгляд, што такога суседа як Беларусь не існуе, і ўзгадаў часы, калі палітыка не замінала двухбаковаму гандлю. Асноўнай задачай групы Андрушкевіч назваў рэалізацыю шмат гадоў замарожанага пагаднення аб малым памежным руху.

Усё гэта адбылося яшчэ ў сакавіку, то бок яшчэ да апошніх парламентскіх выбараў у Беларусі, што скончыліся вяртаннем (хай сабе і ў вельмі абмежаванай колькасці) апазіцыі ў парламент.

Варшава і Менск па-рознаму ўспрымаюць і асвятляюць збліжэнне. Можна сказаць, што Беларусь гэтым разам робіць усё магчымае каб  “спадабацца”. Рэгулярна  падкрэсліваецца, што Польшча ёсць трэцім па важнасці партнёрам пасля Расіі і Украіны. На сустрэчу ў Варшаву Макей прывозіць частку дакумантаў па растраляных у Катыні польскіх афіцэрах. Абяцаецца падтрымка польскай меншасці ў Беларусі і рэалізацыя малага памежнага руху. Урадавыя СМІ Беларусі нават (можна сказаць—прынцыпова) не асвятляюць знакаміты Czarny protest, каб не злаваць новых сяброў.

Польскі бок, у сваю чаргу,  не спяшаецца рабіць высновы. Падчас абмеркавання беларускага пытання на нядаўніх дэбатах Польскага радыё дэпутат ад кіруючай партыі PiS Міхал Дворчык шчыра прызнаўся, што ілюзій ў дачыненні да Лукашэнкі ў ПіС няма. Тым не менш, варта скарыстацца хаця б такой магчымасцю для наладжвання кантактаў. Адначасова паабяцаўшы не спыняць падтрымку ўжо існым праектам падтрымкі грамадзянскай супольнасці. З гэтым, зрэшты, многія не пагаджаюцца, перадусім маючы на ўвазе паступовае згортванне праграмы дапамогі рэпрэсаваным студэнтам.

s001055_00000698174

Ягоны апанент з партыі РО  Павел Залеўскі, у сваю чаргу, папракае новы ўрад, што ўсе кантакты з Менскам праводзяцца самастойна, па-за агульнай рамкі ЕС.

Тым не менш, пакуль можна сказаць аб поспеху перадусім эканамічнай дыпламатыі. Пра гэта сведчыць не толькі супраца міністэрстваў, але і рост гандлю між краінамі. Толькі за першыя паўгады 2016 г. польскі экспарт у Беларусь вырас амаль на 5 %, а імпарт беларускіх тавараў у Польшчу на 7.  Пры тым, што яшчэ ў 2015 сітуацыя была значна горшая.

На гэтым фоне лагічнай выглядае вандроўка ў Менск ўплывовага віцэ-прэм’ера Мацеюша Маравецкага, адказнага за эканоміку, што адбылася 24 кастрычніка. Пасля сустрэч з Лукашэнкам, урадам, бізнэсоўцамі, Маравецкі ў каментары для польскіх СМІ даў зразумець, што вырашаецца пытанне аб допуску польскага бізнэсу да прыватызацыі беларускага дзяржаўнага сектару.

Безумоўна, для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі такога кшталту шчыльная супраца ёсць спробай зменшыць залежнасць ад Расіі, у тым ліку і пазбавіўшы расійскі бізнэс манапольнага права на прыватызацыю беларускага дзяржсектару. Тым не менш, спробы дэпалітызаваць і перавесці стасункі паміж дзяржавамі выключна на бізнэс-рэйкі фактычна руйнуць агульную папярэднюю стратэгію Еўразвяза па Беларусі. Цяжка не пагадзіцца з беларускім апазіцыянерам Анатолем Лябедзькам, які ў размове з польскім дыпламатам заявіў наступнае: “.. Калі 300 тысяч евро (з еўрапейскіх грантаў беларускаму ўраду—ОБ) накіроўваюцца на развіццё незалежнай судовай сістэмы, а 7 мільёназ еўра на падтрымку мясцовага самакіравання, але ні першага, ні другога не існуе ў рэальнасці, то трэба называць рэчы сваімі імёнамі. Захад кансервуе тую сістэму, якая стварался на працягу 20 год”.