БеларускаяНавіны 23.06.2015

Права на заробак

Сітуацыя на працоўным рынку Беларусі становіцца ўсё складаней. З аднаго боку, у выпадку калі грамадзянін не працаўладкаваны болей чым паўгады, ён аўтаматычна трапляе пад дзеянне дэкрэту па барацьбе з дармаедствам.

право на работу

З іншага боку, цяпер нават наяўнасць працы не гарантуе стабільнага заробку. Вялікая частка прадпрыемстваў сутыкнулася з праблемай свайго збыту ва Ўкраіне і Расіі, і вымушана працаваць «на склад». Магчымай мерай магло б стаць скарачэнне працоўных месцаў, але за 4 месяцы да прэзідэнцкіх выбараў урад наўрад ці пойдзе на непапулярныя меры. У выніку дзяржава вымушана сама аплочваць працу праблемных заводаў. Што праўда, і ў ва ўрада грошай на гэта ўсё менш.

Паказальны прыклад днямі здарыўся ў Маладзечна. На пачатку чэрвеня рабочыя з завода металічных канструкцый  ўсё яшчэ не змаглі атрымаць свае грошы за красавік. У выніку 8 чэрвеня на адзін дзень праца на заводзе спынілася. Кіраўніцтва завода ў досыць жорсткай форме патрабавала аднаўлення працы, спасылаючыся на маральныя абавязкі працоўных. Магчыма, праблема і надалей бы вырашалася павольна, калі б відэа размовы рабочых з мэнэджмэнтам не трапіла ў інтэрнэт. Літаральна цягам тыдня рабочыя атрымалі спачатку палову заробку, а пасля наведвання завода кіраўніком Мінскай вобласці Сямёнам Шапірам—і другую. Варта адзначыць, што гэта той самы Шапіра, які яшчэ ў 2011 годзе, кіруючы Гродненскай вобласцю, асабіста кіраваў падаўленнем прадпрымальніцкага страйку на польска-беларускай мяжы. Тым не менш зараз чыноўнік зрабіў усё каб улагодзіць рабочых і нават спадабацца ім.

Цікава, як на гэты прыклад адрэагуюць рабочыя астатніх праблемных прадпрыемстваў краіны.

Напрыклад, месяц таму ў Рагачове рабочым малочнакансервавага камбіната заробак хоць і пачалі выдаваць, але замест грошай прапануюць сваю ж прадукцыю, а канкрэтна: згушчонку. У Талочынскім раёне вяскоўцы мелі магчымасць атрымаць заробак толькі пры ўмове што патрацяць грошы ў мясцовай краме. Горш за ўсё, напэўна, рабочым прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці: у Баранавічах і Навагрудку частку заробка выдалі бялізнай і вопраткай уласнага вырабу.

У цэлым, аднак, па краіне больш прымяняецца практыка скарочанага працоўнага тыдня (прадпрыемства не скарачае рабочых, але пераходзіць на 3-4 дзённую працу ці скарочаныя працоўныя дні). Згодна з інфармацыяй Міністэрства прамысловасці, у першым квартале  2015 годзе на такі тып працы было пераведзена амаль 100 тысяч чалавек. Напрыклад, у такім фармаце рэгулярна спыняюцца галоўныя канвееры МТЗ, МАЗ, Гомсельмаша.

Аналагічную практыку выкарыстоўваюць і прыватныя прадпрыемствы.Фабрыка жаночай бялізны “Мілавіца”, прадукцыя якой заўсёды карысталася высокім попытам за межамі Беларусі, перавяла свой персанал на 3-дзённы працоўны тыдзень. Пакуль што толькі на месяц.

Падобныя сітуацыі былі і раней. У 2009 годзе цэлых 60 буйных прадпрыемстваў пэўны час працавалі па скарочанаму прынцыпу. Тым не менш, тады да выбараў заставалася больш за год, а сам выбарчы 2010 год урад сустрэў з найлепшымі сацыяльнымі і эканамічнымі паказчыкамі. Вялікае пытанне, ці атрымаецца зараз вырашыць усе праблемы да выбараў, калі часу застаецца ўсе менш.