БеларускаяНавіны 27.06.2015

Швецыя вяртаецца ў Беларусь

760420189

 

25 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчы ліст ад новага амбасадара Швецыі ў Беларусі Марціна Оберга. У сваім слове да амбасадара Лукашэнка заявіў, што Беларусь заўсёды выступала за ўзважаны, станоўчы і прагматычны дыялог з усімі краінамі, а Швецыя гуляе важную ролю на поўначы Еўропы: “Яе голас важка гучыць у Еўразвязе. Ды й мы ніколі не хавалі, што нам ёсць чаму павучацца ў Швецыі…. З вяртаннем!”

Такім чынам, можна сказаць, што трохгадовы дыпламатычны канфлікт паміж Швецыяй і Беларуссю нарэшце пакрысе пачынае вырашацца. Так аднак было не заўсёды.

Шведскае прадстаўніцтва, а пасля і амбасада, працавала ў Беларусі з 2003 года і практычна ўвесь гэты час яго ачольваў кадравы дыпламат Стэфан Эрыксан.

Безумоўна, стасункі першага амбасадара Швецыі і афіцыйных уладаў Беларусі ніколі не былі выдатнымі. Эрыксан стаўся ці не першым замежным дыпламатам што вывучыў беларускую мову. Прычым на ўзроўні значна лепшым, чым большасць уласна беларускіх чыноўнікаў. Ужо адзіны гэты фактар часта раздражняў МЗС Беларусі, якому з-за гэтага часта даводзілася камунікаваць з амбасадай менавіта на беларускай мове.

Валоданне мовай адначасова адчыніла яму і дзверы да грунтоўнай супрацы з грамадзянскай супольнасцю краіны. І гэта таксама выклікала незадаволенасць беларускіх уладаў. Ну і найбольш праблемаў Менску чыніла падвышаная ўвага Эрыксана да праблемы правоў чалавека. Але да наўпроставага канфлікта справа не даходзіла ніколі

Апошняй кропляй стаў шырока вядомы “плюшавы дэсант”. Пасля таго як арганізатарамі гучнай акцыі выявіліся шведскія рэкламшчыкі, прадстаўнікі беларускай ўлады абвінавацілі ў дачыненні да яе кіраўніцтва Швецыі і асабіста амбасадара Эрыксана.

Ужо праз месяц, на пачатку жніўня 2012 года, Эрыксан быў высланы з краіны. Беларускі МЗС, праўда, падкрэсліваў, што не высылаў дыпламата, а проста не працягнуў яму акрэдытацыю. У адказ Стакгольм запатрабаваў ад амбасадара і супрацоўнікаў  амбасады Беларусі пакінуць тэрыторыю Швецыі.

Пад час эскалацыі канфлікту Эрыксану “прыгадалі” ўсё.

Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных абвінаваціў яго ў разбуральным эфекце ягонай 7-гадовай працы ў Беларусі.

Дзяржаўны беларускі тэлеканал АНТ падрыхтаваў цэлы сюжэт, паводле якога Стэфан Эрыксан шматкроць асабіста перадаваў інструкцыі і грошы радыкальным групоўкам і экстрэмістам, што рыхтавалі ў Беларусі падабенства “арабскай вясны”. Апроч таго сцвярджалася, што дыпламатычна аўтатранспарт амбасады Швецыі быў затрыманы на мяжы пры спробе правезці ў Беларусь буйны аб’ём літаратуры невядомага зместу.

Не ўстрымаўся нават сам Лукашэнка: “ Я не гавару аб тым, што ён на чале нашай пятай калоны хадзіў, вывучаў нашу мову i гiсторыю беларускага народа. Дай бог, цяпер часу больш будзе. Пытанне ў тым, што ён разбураў усялякі пазітыў у адносінах Швецыі і Беларусі”.

У адказ міністр замежных справаў Швецыі Карл Більдт абвесціў, што сапраўдная прычына высылкі амбасадара Эрыксана палягае ў тым, што ён “занадта актыўна выступаў ў абарону правоў чалавека”.

Тым не менш, вельмі хутка бакі пачалі шукаць вырашэнне праблемы. Спачатку у 2013 годзе ў Менск вярнуўся першы шведскі дыпламат, той самы будучы амбасадар Марцін Оберг. На той час яшчэ ў ранзе часовага паверанага. Першы час ён працаваў сам. Пасля штат амбасады дазволілі павялічыць да трох чалавек. Праўда, з-за адсутнасці свайго консульскага аддзелу візавыя пытанні даводзіцца вырашаць пры дапамозе амбасады Эстоніі. Аднак новы амбасадар не скардзіцца на лёс.

Адразу пасля свайго прызначэння амбасадарам Обэрг абвесціў аб гатоўнасці Швецыі зноў прыняць беларускага амбасадара, падкрэсліўшы, што рашэнне мусіць быць толькі за беларускім бокам.

З аднаго боку вяртанне ў Менск шведскай амбасады цалкам супадае з апошнім еўрапейскім трэндам на актывізацыю дыпламатычнай супрацы з Беларуссю. І праўда, за апошні год Менск амаль штомесяц наведваюць буйныя дэлегацыі. З іншага боку, ці не галоўная дыпламатычная праблема Менску–стасункі з ЗША– вырашаецца вельмі марудна. З 2008 года адносіны паміж краінамі падніжаны да ўзроўня часовых павераных. Літаральна месяц таму Белы дом чарговы раз працягнуў санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў. Што праўда, беларускія ўлады гэтым разам нават не пакрыўдзіліся і заявілі, што стасункі паміж краінамі “ўсё адно паляпшаюцца”.