Парламентскія выбары ў Беларусі ў 5 пытаннях і адказах

11 верасня 2016 у Беларусі пройдуць чарговыя парламентскія выбары. Мы вырашылі падсумаваць некалькі асноўных пытанняў, якія могуць узнікаць у чалавека не з Беларусі ў гэтай сувязі.

1. У Беларусі ёсць парламент?

Паводле канстытуцыі Беларусі так, прычым нават двухпалатны. Іншая справа, што першае скліканне Нацыянальнага сходу (афіцыйная назва) не было абрана грамадзянамі, а прызначана прэзідэнтам Лукашэнкам з ліку тых дэпутатаў папярэдняга парламенту, якія прызналі ягоную канстытуцыйную рэформу. Лукашэнка грунтаваўся на выніках рэферэндума 1996, што ператвараў Беларусь у суперпрэзідэнцкую рэспубліку. Вялікая група непрызнаўшых рэферендум апазіцыйных дэпутатаў яшчэ некалькі гадоў пасля гэтага многімі еўрапейскімі палітыкамі разглядалася як адзіны законны прадстаўнік інтарэсаў Беларусі. Пачынаючы з 2000 года кожныя 4 гады Нацыянальны сход абіраецца на агульных выбарах па мажарытарнай сістэме.

Другая палата парламенту—Савет Рэспублікі—наогул не абіраецца наўпрост выбаршчыкамі. 56 сенатараў абіраюцца мясцовымі саветамі, а 8 прызначаюцца прэзідэнтам.

2. Якая роля гэтага парламента?

Першыя гады і тыя дэпутаты, якіх улады прапускалі ў парламент, не былі абсалютна безініцыятыўным.  У 2000 годзе 4 дэпутаты нават стварылі фракцыю “Рэспубліка”, якая стала вядомай сваёй галадоўкай 2004 года супраць палітыкі Лукашэнкі. Апроч таго некалькі скліканняў у палаце працавалі Вольга Абрамава і Сяргей Гайдукевіч, якія хоць і былі крытыкаваныя асноўнымі сіламі апазіцыі праз небаявітасць, але выступалі з уласнымі ініцыятывамі.

За апошнія гады аднак абсалютная большасць законапраектаў не распрацоўваецца дэпутатамі самастойна, а рыхтуецца па даручэннях урада нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў. Часта здараюцца выпадкі, калі на пытанне журналістаў па змесце толькі прынятых дакументаў, дэпутаты не ведалі адказ, хоць галасавалі “за”.

Тым не менш, і з гэтымі дэпутатамі часта сустракаюцца еўрапейскія (у тым ліку чэскія) калегі-дэпутаты.

3. Ці будуць гэтыя выбары выбарамі?

Цэнтрвыбаркам Беларусі гэтым разам паабяцаў назіральнікам магчымасць бачыць у непасрэднай блізкасці падлік галасоў. Аднак адмаўляецца паказваць назіральніку кожны бюлетэнь. Маўляў, у прынцыпе яны не супраць, але гэта будзе супярэчыць дзейснаму закону. Але адразу пасля выбараў адпаведныя змены будуць унесены.

Прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Уладзь Лабковіч лічыць, што ў гэтым выпадку ЦВК кіруецца палітыкай, а не правам. Бо канкрэтна ў законе такія дэталі проста не прапісаны, іх устаноўлівае сам ЦВК сваімі дакументамі. Лабковіч падкрэслівае, што Беларусь з’яўляецца адзінай краінай сярод сваіх суседзяў, дзе працэдура падліка галасоў не замацавана законам.

Адначасова пакуль што не выпадае гаварыць аб шырокім уключэнні апазіцыі ў выбарчыя камісіі. За апошніх некалькі выбарчых кампаній агульная доля апазіцыі ў камісіях складала менш аднаго адсотка.

4. Ці будзе ў гэтых выбарах удзельнічаць апазіцыя і чаму?

Абсалютная большасць апазіцыйных партый і арганізацый даўно пацвердзілі свой удзел. Агулам апазіцыя хоча выставіць 283 кандыдата (на 110 месцаў). У гэты лік не ўваходзяць 29 кандыдатаў ад грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду”, якая літаральна за год ператварылася з лідара буйной апазіцыйнай кааліцыі ў самага непажаданага партнёра. Не малую ролю ў гэтым згулялі і абвінавачанні ў падробцы подпісаў падчас прэзідэнцкай кампаніі лідара “Гавары праўду” Таццяны Караткевіч.

Асобнымі калонамі пойдуць і былыя камуністы Сяргея Калякіна.

Як бачна з лічбаў, і тая частка апазіцыі, што можа між сабой  дамаўляцца, па многіх акругах будзе спаборнічаць сама з сабою. Ва ўмовах адсутнасці даверу да падліку галасоў імаверна вялікая частка кандыдатаў будзе здымацца з выбараў за дзень да галасавання, выкарыстаўшы магчымасці выбараў для “камунікацыі з выбаршчыкамі”. Аднак навучаныя досведам ранейшых такіх паўбайкотаў, гэтым разам улады абавяжуць кандыдатаў вярнуць скарыстаныя для агітацыі дзяржаўныя грошы.

Другой задачай апазіцыі будзе арганізацыя назірання, каб у чарговы раз мець доказы несумленнасці выбараў. Праўда, гэтую задачу і без апазіцыі цалкам паспяхова выконваюць праваабарончыя арганізацыі.

5. Якіх вынікаў можна чакаць?

Найвялікшае пытанне ў свеце пацяплення стасункаў з Еўропай гэта ці “прапусціць” улада хоць кагось з ліку тытульнай апазіцыі ці хаця б з незалежных кандыдатаў. Выбар слова “прапусціць” не выпадковы, бо ізноў жа аб сумленным падліку галасоў  размовы пакуль што не ідзе.

Некаторыя мяркуюць, што для Еўразвяза будзе зноў прыгатаваны рэцэпт мінулых прэзідэнцкіх выбараў—адсутнасць гвалту супраць апазіцыі ў абмен на маўклівае прызнанне выбараў з фармулёўкамі аб “паступовым” прагрэсе. Нават сярод самой апазіцыі хіба што толькі “Гавары праўду” заяўляе аб планах трапіць у парламент. Астанія абмяжоўваюцца планамі хаця б нагадаць аб сабе выбаршчыкам.