“Платформа” збіраецца наведаць усе турмы і калоніі Беларусі

6 кастрычніка 2014 г. дэпартамент выканання пакаранняз МУС РБ выдаў дазвол на наведванне пенітэнцыярных установаў РБ няўрадавай арганізацыі “Платформа”.

Ніводная незалежная няўрадавая арганізацыя ў Беларусі раней не атрымлівала такія дазволы.

Аб тым, што такое абарона правоў зняволеных у Беларусі і як такі дазвол дапаможа “Платформе” мы размаўляем з кіраўнічкай арганізацыіі Аленай Красоўскай-Каспяровіч.

— Ваша арганізацыя “Платформа” ўжо даўно адсочвае выкананне правоў зняволеных у Беларусі. Якія асноўныя з іх парушаюцца,  па вашым меркаванні?

На жаль, парушэнняў правоў чалавека ў пенітэнцыярнай сістэме Беларусі нямала–гэта і парушэнне права на працу, на атрыманне медычнай дапамогі, на доступ да адвакатскай дапамогі, права на ветлівае абыходжанне і шмат іншых.

Як правіла, у кожнай пенітэнцыярнай установе, апроч нейкіх агульных праблемаў і парушэнняў, ёсць і свае ўласныя, якімі “славіцца” менавіта гэтая установа. Напрыклад, у выпраўленчай калоніі №5 (г. Івацэвічы) у некаторых атарадах, дзе жывуць зняволеныя, цалкам адсутнічае ацяпленне–батарэі ёсць, але няма ўласна трубаў. За зіму у вуглу аднаго з такіх памяшканняў намярзае агромністая глыба ільду, якая растае толькі к пачатку лета. І ў такіх умовах гадамі жывуць людзі. Але гэта абуральны выпадак і трэба адзначыць, што ў іншых калоніях ільда ў жылых памяшканнях няма. Дзеля справедлівасці трэба адзначыць, што незаўсёды прычынай  існуючых праблемаў ‘яўляецца жаданне супрацоўнікаў здзеквацца з асуджаных і ствараць ім невыносныя ўмовы.

Часам прычынай з’яўляецца банальная адсутнасць фінансавання, якое дазволіла б пазбавіцца большасці побытавых, сацыяльных, медычных праблемаў.

Аднак, з кожным годам на ўтрыманне зняволеных выдаткоўваецца ўсё менш сродкаў, што, натуральна, не паляпшае сітуацыю.

— Як вы збіраецеся на гэта паўплываць шляхам наведвання месцаў пазбаўлення волі? Якія першасныя задачы стаяць перад вамі ў рамках наведвання?

Наведванне месцаў зняволення гэта толькі пачатак нашай працы па паляпшэнню сітуацыі ў пенітэнцыярнай сістэме. Пабачыўшы і ацаніўшы тое, што адбываецца за кратамі, выявіўшы  найбольш вострыя праблемы, мы будзем працаваць над іх рашэннем.

Наша задача ёсць не толькі скласці сабе ўяўленне аб тым, што ёсць кепскім у калоніях (турмах) і данесці гэтую інфармацыю да грамадскасці і міжнароднага праваабарончага супольства, але і знайсці ўсе магчымыя спосабы паляпшэння сітуацыі. Наша мэта– не чарговыя расповяды аб жахах беларускіх турмаў і калоній. Наша мэта –каб гэтых  жахаў было як мага меней і каб праз некалькі гадоў мы з гонарам маглі сказаць, што пенітэнцыярная сістэма нашай краіны адпавядае еўрапейскім стандартам для месцаў збаўлення волі.

 — Наколькі цяжка было атрымаць дазвол на доступ ў выпраўленчыя ўстановы? Як гэта прапісана ў беларускім законе і колькі яшчэ арганізацый могуць паспрабаваць паўтарыць ваш поспех?

Не магу сказаць, што ў апошні час намі былі прадпрынятыя якія-небудзь асабівліва гераічныя высілкі  дзеля таго, каб атрымаць дазвол на доступ ва ўстановы крымінальна-выпраўленчай сістэмы. Справа ў тым, што на працягу трох гадоў, колькі існуе “Платформа”, мы перыядычна звяртаемся ў Дэпартамент выканання пакаранняў  і Міністэрста ўнутраных спраў с просьбаю аб прадстаўленні доступу ў пенітанцыярныя ўстановы.

І заўжды атрымліваем стандартны адказ аб тым, што гэта немэтазгодна. Апошні зварот быў накіраваны ў верасні 2014 і мы зусім нечакана атрымалі станоўчы адказ. Мы думаем, што менавіта наша трохгадовая праца, жаданне знаходзіць шляхі вырашэння існуючых праблемаў і адсутнасць жадання пэцкаць чорнай фарбай усе, што адбываецца ў сістэме выканання пакаранняў і прывялі да такога рашэння.

Грамадскі кантроль пенітэнцыярных установаў Беларусі заканадаўча замацаваны Крымінальна-выканаўчым кодэксам. Аднак, да сённяшняга часу, ён палягаў толькі ў наяўнасці пра Міністэрстве юстыці Республікі Беларусь Грамадскіх назіральных камісій, якія мелі магчымасць наведваць месцы пазбаўлення волі. Нажаль, справаздачы аб такіх наведваннях выклікалі хутчэй раздражненне, бо малявалі вясёлкавую карціну піянерскіх лагероў і ідэальных умоваў, у якіх, аказваецца, знаходзяцца нашыя зняволеныя.

Я думаю, што любая праваабарончая арганізацыя можа таксама паспрабаваць атрмаць доступ у месцы пазбаўлення волі і мы будзем толькі радыя гэтаму, бо праблемаў у пенітэнцыярнай сістэме дастаткова і і працы хопіць усім.

— Ці няма ў вас асцярогаў, што МУС пакажа вам толькі тое, што гатова паказаць? Што далей ўзорна-паказальных камераў і зняволеных, супрацоўнічаючых з адміністрацыяй, справа ня пойдзе?

Такія асцярогі, канешне ж, былі. Але мы ўжо правялі шэраг сустрэчаў з кіраўніцтвам Дэпартамента выканання пакаранняў, на якіх абмяркоўвалася ў тым ліку і нашае нежаданне пабачыць і пачуць “парадныя” варыянты. Зараз мы ўжо можам сказаць, што нам дазволены доступ у любыя памяшканні пенітэнцыярных установаў, апроч, зразумела, кабінетаў супрацоўнікаў. МУС сапраўды дэманструе жаданне супольна працаваць і вырашаць праблемы, а не пісаць нікому не патрэбныя справаздачы аб тым, як хораша жывецца нашым зняволеным. “Платформа” не тая арганізацыя, якая дамагаецца доступу ў месцы зняволення для падвышення свайго рэйтынгу ці дзеля самапіяру. Мы сапраўды хочам працаваць, вырашаць праблемы, паляпшаць сітуацыю і МУС пра гэта ведае.

 — Былы кіраўнік арганізацыі Андрэй Бандарэнка зараз сам знаходзіцца ў зняволені. Ці збіраецеся вы наведаць і яго?

Спецыяльна наведваць выпраўленчую калонію, дзе будзе адбываць пакаранне Андрэй, мы не плануем. Тым больш, што ў дадзены момант мы можам толькі здагадвацца, у якую калонію яго накіруюць пасля разгляду касацыйнай скаргі. Аднак, мы канечне ж наведаем і тую калонію, дзе ён будзе знаходзіцца, бо ў нашых планах наведванне ўсіх установаў крымінальна-выпраўленчай сістэмы Беларусі.

Даведка:

“Платформа Інавэйшн” (раней — “Платформа”)–прыватная культурна-асветніцкая ўстанова, створаная з мэтай абароны правоў і законных інтарэсаў асуджаных а таксама людзей, сутыкаючыхся з судовай сістэмай, са следчымі органамі, з дасудовым расследаваннем.

“Платформа” вядзе працу па маніторынгу выканання правоў чалавека ў выпраўленчых калоніях і следчых ізалаятарах. За апошні год арганізацыя  неаднаразова падымала пытанне аб прымяненні фізічнай сілы к затрыманым, падследным, асуджаным.