Ці застануцца ў Беларусі дробныя прадпрымальнікі?

З 1 сакавіка 2015 года дробныя беларускія прадпрымальнікі могуць перастаць існаваць як клас. Прычына: славуты указ прэзідэнта №222, прыняты яшчэ год таму. Паводле яго, прадпрымальнікі абавязаны на кожны тавар, увезены з-за мяжы, мець цэлы набор дакументаў і сэртыфікатаў. Што расцэньваецца прадпрымальнікамі як фактычная ліквідацыя дробнага бізнэсу.

Паводле ж чыноўнікаў, прыняццё указа №222 было непазбежна. Беларусь уваходзіць у Мытны саюз, які ў сваю чаргу мае досыць жорсткія правілы датычна прадукцыі лёгкай прамысловасці. Гэтак, па ацэнках экспертаў уласна Мытнага саюзу, сёння каля 2/3 прадукцыі, якая прадаецца зараз ў Беларусі, Расіі, Казахстану, не мае ніякіх дакумантаў.

Самі прадпрымальнікі быццам бы не супраць гандляваць сэртыфікаваным таварам, але звяртаюць увагу на наступныя акалічнасці.

Па-першае, нават оптавыя кошты такога тавара істотна вышэй. Што, адпаведна, робіць прывезены тавар не прывабным для пакупнікоў на месцы. Па-другое, нават тыя прадпрымальнікі, што пагаджаюцца працаваць па новых правілах, фактычна застаюцца сам-на-сам з пытаннем: дзе узяць сэртыфікаты?

Справа ў тым, што абсалютная большасць такіх оптавых закупак праходзіць у Расіі, дзе пастаўшчыкі практычна  ніколі не мелі патрэбы ў дадатковых паперах. Падладжвацца пад беларускіх прадпрымальнікаў ніхто не збіраецца. У выніку тавар для Беларусі атрымлівае ці звышдарагія сэртыфікаты, ці  проста падробленыя (якія  супакойваюць расейскіх чыноўнікаў, але не беларускіх), ці прадпрымальнікі самастойна вымушаны арганізоўваць працэс сэртыфікацыі (што яшчэ больш павялічвае кошт тавараў для пакупнікоў).

Самі прадпрымальнікі настроены скептычна. Сустрэча з прадстаўнікамі ўлады на праведзеным  16 лютага ў Менску форуму выніку не дала. Чыноўнікі выслухалі, паабяцалі разгледзець заўвагі, але адразу ж запэўнілі, што зменаў ва ўказе не будзе.

Прадпрымальніцкі рух ужо пачаў патрабаваць тэрміновай сустэчы з Лукашэнкам, але спадзявацца на яе поспех не даводзіцца. Мінулыя такія патрабаванні, як правіла, скончваліся няўдала. Напрыклад, у 2007- 2008 годзе прадпрымальнікі пры ўдзеле апазіцыйных руха пратэставалі супраць яшчэ аднаго указу–№ 760. Паводле яго палажэнняў, прадпрымальнікі страцілі права прымаць на працу кагосьц,і апроч членаў сваёй сям’і.  Мітынгі скончыліся масавымі арыштамі і крымінальнай справай супраць 14 актывістаў апазіцыі. Указ дзейнічае дапасюль.

Другі варыянт, які разглядаецца, гэта зварот у наддзяржаўны Еўразійскі эканамічны суд з патрабаваннем адмены ўказа. Аўтары ідэі лічаць, што прыняты ўказ супярэчыць цэламу шэрагу правілаў Мытнага саюзу, а таму мае быць адменены.

Больш верагодна тое, што жадаючым захаваць бізнэс усё ж давядзецца працаваць па новых правілах.  З  1 сакавіка парушэнне ўказу будзе карацца штрафам да 9 мільёнаў беларускіх рублёў (звыш 4 000 еўра) і канфіскацыяй тавара. Актывісты прадпрымальніцкага руху прагназуюць, што з прыкладна 70 тысяч прадпрымальнікаў па новых правілах застануцца працаваць толькі 2000. Астатнія папросту зачыняць свае гандлёвыя месцы і пераедуць працаваць у Расію ці Украіну.

P.S.  Адзінае, чаго пакуль што дамагліся прадпрымальнікі, гэта дадатковыя 3 месяцы працы без патрэбных сэртыфікатаў. Тым не менш, дадзеная мера разглядаецца як  часовая і наўрад ці прынцыпова вырашыць іхнюю праблему, як і будучую праблему ўладаў. Праз 3 месяцы у краіне напоўніцу разгарнецца перадвыбарчая кампанія, адной з тэмай якой цалкам можа стаць будучыня малога бізнэсу ў Беларусі.