Лукашэнка адмаўляецца вызваляць палітвязняў

Традыцыйнае для Беларусі перадвыбарчае вызваленне палітычных вязняў гэтым разам, хутчэй за ўсё, адмяняецца. Як мінімум тры чалавекі застануцца за кратамі да канца свайго тэрміну, ці наогул могуць атрымаць дадатковыя пакаранні. Гэта Мікалай Статкевіч (былы кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 г.),  грамадскі актывіст Юры Рубцоў і прадстаўнік анархістскага руху Арцем Пракапенка.

Мікалай Статкевіч знаходзіцца за кратамі з 19 снежня 2010 года і быў асуджаны на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. За гэты час палітык дзесяткі разоў атрымліваў спагнанні за парушэнне рэжыму калоніі і неаднаразова ўтрымліваўся ва ўнутраных турэмных ізалятарах для парушальнікаў (умовы там лічацца самымі цяжкімі для фізічнага і псіхалагічнага здароўя). Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў заяўляў, што вызваліў бы Статкевіча, калі б той папрасіў памілавання.

Тым не менш, 9 красавіка адбылося паседжаньне спецыяльнай камісіі, дзе разглядалася пытанне аб узмацненні ягонага рэжыму адбыцця пакарання. Неўзабаве адбудзецца суд, які будзе разглядаць пытанне аб пераводзе палітвязьня на турэмнае зняволеньне да канца тэрміну.

Другі палітвязень Арцем Пракапенка (абвінавачваўся ў нападзе на будынак КДБ, асуджаны да 7 гадоў зняволення ў 2011 г.) пасля шматлікіх просьбаў сваіх бацькоў напісаў на імя Лукашэнка заяву аб памілаванні. 17 красавіка, пасля некалькіх месяцаў разгляду, ў памілаванні яму было адмоўлена.

Юры Рубцоў, вядомы перадусім сваім пратэстам праз вопратку (цішоткі “Лукашэнка, сыходзь”), быў асуджаны восенню мінулага года да 1, 5 года абмежавання волі. Па ўмовах такой формы пакарання, асуджаныя мусяць працаваць на прапанаваных дзяржавай працах. Рубцоў, аднак, патрабаваў працы з заробкам, які б адпавядаў выступленням Лукашэнкі аб сярэднім заробку ў краіне. Акрамя таго актывіст зрабіў татуіроўку з заклікам адстаўкі Лукашэнкі (ўсё агонае адзенне з гэтым заклікам звычайна знішчалася міліцыяй).

З 6 красавіка Рубцоў знаходзіцца ў следчым ізалятары і чакае суда па абвінавачанні ва ўхіленні ад працы.

Асуджэнне і вызваленне палітычных вязняў у Беларусі вельмі часта супадае з “выбарчым” перыядам. Напрыклад, перад парламентскімі выбарамі 2008 года паскораным парадкам проста на падставе прэзідэнцкага памілавання былі вызвалены былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін, моладзевы актывіст Андрэй Кім, прадстаўнік прадпрымальніцкага руху Сяргей Парсюкевіч і іншыя.

І наадварот. Пасля выбараў вельмі часта тыя ж вызваленыя людзі зноў сядалі у турму (як, напрыклад, Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Мікола Аўтоховіч). На думку праваабаронцаў і палітыкаў, гэтыя працэсы найбольш трапна акрэслівае тэрмін “гандль палітычнымі вязнямі”. Вызваленне апанентаў як правіла супадала з магчымасцю атрымаць новыя крэдыты па-за межамі Беларусі і паслабіць ціск міжнародных санкцый.

Апошнія падзеі, аднак, не ўпісваюцца ў звычайную схему адносінаў “Лукашэнка-ЕС”.

Наадварот, нягледзячы на новы ціск на вязняў, Мінск кожны тыдзень прымае еўрапейскіх прадстаўнікоў.

Толькі за апошнія дні Мінск наведалі еўракамісар Ёганес Ган, а таксама высокія прадстаўнікі міністэрстваў замежных справаў Германіі, Францыі і Вышэградскай чацьвёркі. 21 красавіка спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Андрэа Рыгоні заявіў аб магчымасці ўзнаўлення дыялогу з Беларуссю.