Абаронца зняволеных асуджаны да 3 гадоў зняволення

Кіраўнік праваабарончай арганізацыі Платформа Андрэй Бандарэнка асуджаны да 3 гадоў зняволення па абвінавачанні ў хуліганстве.

Бандарэнка быў арыштаваны 1 красавіка 2014 года , і ўжо праз некалькі дзён Следчы камітэт Беларусі распаўсюдзіў відэа, якое стала адным з доказам абвінавачання ў яго дачыненні. На відэа Бандарэнка наносіць удары нагой жанчынам, што здымалі яго на тэлефон.Апроч таго, яму былі прад’яўлены абвінавачванні ў збіцці яшчэ аднаго чалавека.

Гэта  не першая судзімасць  Бандарэнкі. У 2009 годзе ён ужо быў асуджаны па абвінавачанні ў эканамічным злачынстве, аднак у 2011 годзе быў поўнасцю апраўданы і вызвалены. Многія палітыкі тады звязвалі крымінальны пераслед Бандарэнкі  з ягоным удзелам у якасці кандыдата ў парламенцкіх выбарах 2008 года.

Пасля свайго вызвалення Бандарэнка стварыў праваабарончую арганізацыю “Платформа”, якая бароніць правы вязняў у Беларусі. Арганізацыя неаднаразова прыцягвала ўвагу грамадскаці і міністэрства ўнутраных спраў да парушэнняў у  месцах зняволення.

Многія палітыкі і актывісты, што сачылі за працэсам, звярталі ўвагу на “асаблівы” падыход следства і суду.

Па-першае, сам факт актыўнасці прэсавай службы Следчага камітэта, які звычайна не вельмі ахвотна супрацоўнічае з журналістамі. Па-другое, выступ у судзе ананімнага сведкі з таемнага пакою, сведчанні якога дадзеныя пад час следства і ўласна ў судзе істотна адрозніваліся.

Сам Бандарэнка прызнаў сваю віну, аднак ягоны калега па Аб’яднанай грамадзянскай партыі А. Дабравольскі  лічыць, што сам факт крымінальнай справы замест адміністратыўнай сведчыць аб палітычнай замове справы.

Іншыя праваабарончыя арганізацыі пакуль устрымліваюцца ад ацэнак працэсу, прынамсі да абскарджвання прысуду ў судзе вышэйшай інстанцыі.