Інтэрв’ю з Паўлам Севярынцам

11 снежня 2014 г. ў Празе ў Доме нацыянальных меншасцяў чэскаму чытачу была прэзентаваная кніга Паўла Севярынца «Люблю Беларусь» у чэскім перакладзе Святланы Вранавай.

З гэтае нагоды мы вырашылі паразмаўляць наконт кнігі і беларускай палітыкі непасрэдна з аўтарам Паўлам Севярынцам.

— Для беларускае палітыкі ненадта характэрна, каб палітыкі спрабавалі сябе ў пісьменніцтве. Дый для сусветнай. Таму што звычайна,  палітыкамі пішуцца  праграмныя кнігі,  каторыя пасля ствараюць падмурак для далейшай актыўнасці, ці наадварот, на завяршэнні кар’еры пішацца мемуарная літаратура. Як бы вы самі акрэслілі жанр сваёй літаратуры? Перадусім, для Беларусі. Што гэта? Пубіцыстыка? Вашая палітычная платформа?

— У прынцыпе, літаратурна кажучы, гэта эсэ. Але аднойчы Марыя Мартысевіч  сказала, што гэта штотыднёвыя казанні. Якія друкаваліся ў свой час у той жа «Нашай Ніве» , такія як «Лісты з лесу»  ці «Беларуская глыбіня». Альбо сабраныя у такой энцыклапедыі «Люблю Беларусь». Гэта нешта на мяжы літаратуры і веры. Гэта тое крэда, якое я хачу сфармуляваць для гэтага народа, для гэтай краіны. Можа быць, гучна сказана, але зараз сітуацыя ў Беларусі настолькі цяжкая, што даводзіцца крычаць, даводзіцца падымаць голас, казаць «высокім шцілем», бо Беларусь згубілася. Беларусь у багне. І Беларусь трэба тэрмінова выцягваць і ратаваць. На мой погляд, зрабіць гэта можа толькі Бог, калі мы дадзім яму ўвайсці ў сэрца Беларусі, у сэрца кожнага беларуса.

—Украінскія падзеі выклікалі да новага жыцця такую цікавую з’яву як рускамоўны беларускі нацыяналізм. Пра беларускую мову яны выказваюцца з пашанай і разглядаюць яе як абавязковую для валодання кожным свядомым грамадзянінам. Гавораць гэта, праўда, па-руску. Ці мае гэта сэнс і логіку і  як вы да гэтага ставіцеся?

— У адказ я раскажу адну гісторыю, як я пачаў размаўляць па-беларуску. Я размаўляў па-расейску да 18 гадоў. Паступіў на першы курс універсітэта і аднойчы падносіў сумку дзяўчыне-зямлячцы да вакзала. мы проста ехалі разам. І па дарозе, хоць мы асабліва знаёмыя не былі, я проста ўвесь час казаў пра Беларусь, пра патрыятызм. Прыблізна тое, што зараз пішуць на 1863х.  І яна раптам мяне перапыніла і сказала: Паша, калі ты такі вялікі патрыёт, то чаму ты не размаўляеш па-беларуску? Я толькі раскрыў рот патлумачыць ёй, што ўсё ж вакол па-расейску. Гэта развітая мова, Пушкін, Дастаеўскі… І толькі я раскрыў рот, тут жа яго захлопнуў, таму што задумаўся. А сапраўды: чаму? Я сказаў ёй: Ганна, ведаеш, я з заўтрашняга дня пачну размаўляць па-беларуску. У прынцыпе я проста «ляпнуў». Але яе рэакцыя вызначыла тое, што адбылося далей. Яна, вядома, не паверыла. Гэта мяне зачапіла. І я падумаў: я даў сабе слова і я яго стрымаю. І з наступнага дня, гэта было 20 лістапада 1994 года, я размаўляю па-беларуску. Калісці надыдзе момант для тых расейскамоўных беларускіх нацыяналістаў, якія сабе зараз у плане камунікацый не ўяўляюць нічога, акрамя расейскай мовы. Яны зразумеюць, што беларуская мова нашмат больш эфектыўная ў гэтым плане. Нават калі яны не будуць звяртаць увагу на нейкія маральныя ці рэлегійныя рэчы, яны зрахумеюць гэта праз «тэхналогіі». Таму што Бог даў беларусам беларускую мову, і найглыбей беларускі патрыятызм, які можна назваць і беларускім асветніцкім нацыялізмам, выяўляецца праз беларускасць, праз беларускую мову.

—Сення адбылася прэзентацыя чэскага пераклада вашай кнігі. Але ці ня ёсць «Люблю Беларусь» , скажам так, «прадуктам» для ўнутры беларускага карыстання? Чаму чэхі могуць прачытаць гэтую кнігу, чым яна можа быць цікавая для іх?

— Я, калі пісаў, не задумваўся пра такія рэчы. Гэтага б і не было, калі б не Святлана Вранава, якая цудоўным проста чынам пераклала яе, уклала столькі працы, колькі я, напэўна, не ўклаў у напісанне. І раз такія рэчы адбываюцца, то гэта важна. І сапраўды, Бог, напэўна,  хоча сказаць нешта чэхам праз Беларусь, і беларусам праз Чэхію, для мяне гэта сведчанне. Як я сёння ўжо згадваў сэння на прэзентацыі, Скарына надрукаваў сваю «Біблію» у Празе у друкарне Паўла Севярына. Я пра гэта даведаўся пару гадоў таму толькі. Такое сугучча і такія сігналы мною, інтуітам, кваліфікуюцца як «значыць, штосьці ёсьць».

Напэўна, чэхі змогуць пазнаць сябе. Як нацыя, якая згубіла была сваю мову і была анямечаная і алаціненая. Напэўна, многія расейскамоўныя беларусы, якія прыехалі ў Чэхію могуць атрымаць гэтую кнігу, падвучыць чэскую мову і адначасова паглыбіцца ў Беларусь. Таму што тое, пра што там пішацца, яно ім блізка і знаёма. Гэта можа быць падручнік. Словам, гэта нейкі такі мост, які 500 гадоў таму Скарына ўсталяваў, і вось зараз праз паўтысячы гадоў на ім адбываецца неякі рух.

—Апошняе пытанне будзе ўсё ж пра палітыку. Праз некалькі тыдняў прыдзе 2015 год, год чарговых выбараў для Беларусі. Пакуль што ўсё ўказвае на тое, што ў чымсці будуць паўтораныя мінулыя сцэнары. Тым не менш, давайце паспрабуем адказаць на такое пытанне: 2015 год для Беларусі. Якім бы ён павінен быць і якім будзе вачыма Паўла Севярынца. 

—У 2015 годзе Беларусі будзе цяжка. Гэта ўжо можна зараз адназначна сказаць і па падзеях вакол Беларусі—Украіна-Расія, і па тым, што адбываецца ў самой Беларусі. Я маю на ўвазе і беларускі народ, і беларускую апазіцыю. На жаль, прыемнага мала зараз. Беларусам трэба думаць пра самаарганізацыю. Таму што надзей на сённяшнюю апазіцыю практычна няма. І беларусам трэба проста браць справу ў свае рукі. У ідэале ўсе мелася выглядаць так : апазіцыя ў лёсавызначальны час—таму што геапалітыка тут жахлівая вакол– бярэ на сябе адказнасць, вылучае адзінага. І гэты адзіны альбо вылучае ўмовы для ўдзелу ў выбрах і здымаецца, калі ўмовы не выконваюцца. Альбо абвяшчае байкот і нацыянальную забастоўку. Іншымі словамі, выступае проста як адзіны голас Беларусі да народу, да рэжыму, да Захаду.  Зараз адзінага голасу няма. Ёсць сумесь неразборлівых шэптаў. «Мы за байкот, мы за санкцыі, мы за дыялог». У гэтым не разбяруцца нават актывісты, не тое што беларускі народ. Ён нават прыслухоўвацца не будзе. А Захад ужо зараз ігнаруе беларускую апазіцыю і прыязджаюць наўпрост да Лукашэнкі. І Украіна, і слабасць беларускай апазіцыі, якая нават няздольна выбраць адзінага,  правакуюць сітуацыю, калі беларуская апазіцыя проста сыходзіць са сцэны. І пустое месца не павінна застацца такім. Яно мусіць быць занятым беларускім народам. Таму самаарганізацыя і яшчэ раз самаарганізацыя ў 2015 годзе.