Алесь Міхалевіч: “Буду дапамагаць мігрантам у Беларусі”

Былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч у 2011 годзе атрымаў у Чэхіі палітычны прытулак. У Беларусі яго абвінавачвалі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года. Але значна большую вядомасць Міхалевічу прынес публічны расповяд пра ўмовы ўтрымання ў турме КДБ і прызнанне ў падпісанні пад гэтым ціскам згоды аб супрацы з органамі.

У верасні 2015 года, на фоне навіны аб вызваленні ўсіх палітычных вязняў,  палітык вярнуўся ў Беларусь, спадзяючыся скарыстацца перадвыбарчай лібералізацыяй. Тым не менш, у адносінах да яго крымінальная справа так і не была спыненая.

Праз два месяцы пасля вяртання дамоў мы паразмаўлялі з палітыкам пра ўражанне ад краіны, вынікі эміграцыі і новыя планы.

–Алесь, у першых інтэрв’ю пасля вяртання Вы не вельмі ахвотна давалі каментары наконт бягучай сітуацыі ў Беларусі, аргументуючы гэта тым, што не паспелі яшчэ ўвайсці ў “кантэкст”.Тым не менш, з таго моманту прайшло ўжо два месяцы. Пэўна, ужо можна зноў запытацца на Вашае стаўленне і ацэнку палітычнай сітуацыі ў краіне?

–Калі казаць агульна, то старэйшае пакаленне знаходзіцца ва ўсё большай апатыі. Большасць жа людзей з апазіцыі, дый проста з маіх знаёмых, перабываюць ў стане, які журналісты называюць “унутранай самацэнзуры”. То бок “гэта я маю права рабіць, гэта–не. Сюды я магу пайсці, сюды–не. Пры гэтым межы ў кожнага акрэсленыя зусім розныя, але ў любым выпадку гэтыя межы ёсць і яны вельмі істотныя. Але і вельмі прыемна ўразіла пакаленне тых, каму сёння менш 25 гадоў. Можа, ў гэтага пакалення няма нейкіх палітычных каштоўнасцяў, ці не прасочваецца нейкага жадання змагацца. Але  па меншай меры ў іх няма страху. То бок гэтыя людзі, з майго меркавання, значна больш разняволяныя ў добрым сэнсе гэтага слова. Быць можа таксама і таму, што яшчэ не сутыкаліся з дзяржаўнай сістэмай. Але людзі не баяцца выказваць сваю салідарнасць, падтрымку. Яны проста па-іншаму ўспрымаюць свет. Яны не ведаюць, што гэтыя межы боязні ёсць, што яны павінны быць.

–Некалькі разоў вы казалі што пакуль што ўстрымаецеся ад актыўнай палітыкі ў Беларусі. Але ці сапраўды Алесь Міхалевіч не вернецца ў беларускую палітыку?

–Беларусь гэта краіна, дзе магчыма ўсё. Таму я для сябе абсалютна нічога не выключаю. Я зыходзіў з палітыкі будучы за мяжой, бо казаў, што быць палітыкам у эміграцыі немагчыма. І на сённяшні момант таксама  лічу, што за мяжой больш плённа можна рэалізоўваць іншыя рэчы, чым рабіць выгляд быццам бы ўплывовага для Беларусі палітыка. А што тычыцца сённяшнага майго статусу: я з’яўляюся звычаным шараговым сябрам Партыі БНФ, я выступаў на апошнім Сойме партыі і выказваў свае ідэі наконт грамадскай кампаніі супраць размяшчэння расійскіх ваенных базаў. Я застаюся актыўным грамадзянінам. І дзе знаходзіцца тая мяжа паміж актыўным грамадзянінам і палітыкам для мяне, напрыклад, не так відавочна. Да мяне часта звяртаюцца журналісты па каментары да тых ці іншых падзею, таму –так, я па-ранейшаму прымаю ўдзел у грамадска-палітчным жыцці.

-Што табе дала эміграцыя?

-Апроч нейкіх “фармальных” рэчаў як доктарская ступень і доступ да найлепшых еўрапейскіх універсітэтаў, дзе я меў магчымасць і вучыцца і выкладаць, гэта дало мне магчымасць папрацаваць у нармальных прыватных фірмах, дзе я і глядзеў і вучыўся як працуюць спецыялісты па экспарце. Паглядзець, як працуе на практыцы тая рынкавая эканоміка, да якой Беларусь імкнецца. Бо ў нейкім сэнсе Беларусь, канешне, знаходзіцца ў рынкавых умовах, але ў той жа час нашая сістэма знаходзіцца пад сур’ёзным рэгуляваннем. Я паглядзеў як гэта выглядае ў Польшчы, у Чэхіі і атрымаў тыя веды і досвед, якія ў Беларусі мы не можам атрымаць проста таму, что Беларусь знаходзіцца ў абсалютна іншай сацыяльна-эканамічнай мадэлі. Менавіта таму, як я заўважаў, шмат хто з беларускіх прадпрымальнікаў пачынаў свой шлях ці ў Расіі, ці на захадзе. На вялікі жаль я не паспеў зрабіць шмат чаго для Беларусі, але ўпэўнены, што змагу гэта зрабіць і вярнуўшыся на Радзіму.

–Некалькі разоў Вы казалі пра планы заняцца праваабарончай дзейнасцю. Ці можаце ўжо  больш канкрэтна акрэсліць свае задумкі па гэтай тэме?

Планы не змяніліся. Мая сястра зарэгістравала і ўзначаліла “Цэнтр падтрымкі бежанцаў”. Гэта ўстанова, якая займаецца дапамогай тым людзям, якія ў Беларусі ўжо атрымалі ці яшчэ просяць статус уцекача, перш за ўсё палітычны прытулак. Гэта людзі з тых краін, дзе сітуацыя з правамі чалавека яшчэ горшая, чым у Беларусі, напрыклад, з Ірана ці Афганістана. І гэта тэма, якую я ведаю як юрыст у галіне правоў чалавека. І думаю, што тут мае веды і досвед будуць карысныя гэтым людзям. Таму што, давайце казаць як ёсць, калі цябе сапраўды пераследуюць у тваёй роднай краіне, то нават ціхае спакойнае жыццё ў Рэспубліцы Беларусь здаецца чымсьці вельмі прывабным. Ясна, што гэта не сотні тысячаў сірыйцаў, але тым не менш, уцекачы ў нас ёсць.

Канкрэтна я ў арганізацыі адказны за інфармацыйна-юрыдычную частку. З намі супрацоўнічае некалькі адвакатаў.

А як выглядае сёння беларускае права ў дачыненні да ўцекачоў? У параўнанні, напрыклад, з Еўропай, дзе існуе некалькі ступеняў таго ж прытулку: часовы, пастанны і г.д.?

Я б сказаў дастаткова ўніфікавана. Беларусь уваходзіць у ААН, адпаведна ў Беларусі дзейнічае прадстаўнік камісара па справах бежанцаў. Але пытанні пачынаюцца на этапе практычнага прымянення законаў. І вось, напрыклад, калі ў Чэхіі ва ўсю абмяркоўваецца пытанне будавання і эксплуатацыі адмысловых асяродкаў для ўтрымання бежанцаў, то ў Беларусі гэтага ўсяго няма. У Беларусі для гэтага ёсць ізалятар часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна ў Мінску, вядомы перадусім тым, што там адбываюць свае кароткатэрміновыя арышты і апазіцыянеры, і звычайныя дробныя хуліганы. Я ведаю, што такое пабыць на Акрэсціна. Гэта скотскія ўмовы. Цалкае хапае і 15 сутак. А бежанцы там знаходзяцца часам па году, а тое і больш. Пры чым не толькі тыя, што чакаюць высылкі па-за межы Беларусі, але і тыя, каму пасля дазваляюць застацца ў Беларусі. Але ўвесь гэты час яны мусяць быць у гэтым ізалятары. Без адвакатаў. Без перакладчыкаў. Без магчымасцяў камунікацыі. Не разумеючы, у якой краіне яны знаходзіцца, з якой унутранай сістэмай. Не маючы належнай юрыдычнай дапамогі. Не маючы, вядома, кантактаў і грошай.

А колькі зараз такіх людзей у Беларусі?

Самая вядомая зараз гэта актывістка таджыкскай апазіцыі Шабнам Худайдова, якая ужо некалькі месяцаў знаходзіцца ў следчым ізалятары па запыце ўладаў Таджыкістана, але падала хадайніцтва аб палітычным прытулку ў Беларусі.

Я асабіста дапамагаю па некалькіх меней вядомых справах, але пакуль што кліенты не хочуць публічнасці.

Фактычна я пачаў гэтым займацца яшчэ тут, у Чэхіі, калі да мяне звярнуўся грамадзянін Ірану, што меў праблемамі з Інтэрполам. Я, як чалавек, які сам паводле запыту беларускай дзяржавы, знаходзіўся ў вышуку Інтэрпола, вельмі добра разумею, як гэта працуе.

–А што на гэты конт думае беларускае грамадства? Наколькі праект важны і запатрабаваны для звычайнага грамадзяніна?

–Я добра памятаю, як мне даводзілася паказваць свае дакументы з пазнакай “азыль” тут, у Чэхіі. І як шмат разоў бачыў як рэзка змянялася стаўленне людзей, калі яны даведваліся, што я ўцекач. Бо па іх меркаванні я быў той самы эканамічны мігрант, што прыехаў па лёгкае жыццё. Таму для мяне вельмі важна, каб у грамадстве было глыбіннае разуменне таго, што адбываецца. Што гэта сапраўды могуць быць людзі, якіх пераследуюць. Гэта людзі, якія вельмі часта проста едуць праз Беларусь, але і мы для гэтых людзей, паўтаруся, ціхая спакойная гавань. У параўнанні з тым, што іх чакала дома.

А па другое, я ўпэўнены, што ва ўмовах глабалізацыі Беларусі патрэбны розныя этнічныя групы. І гэта мусіць быць шырэй, чым былы Савецкі саюз. Гэта сапраўды ў жыцці дапамагае. Мне сапраўды хочацца бачыць Беларусь адкрытай краінай. Зразумела, з строгімі міграцыйнымі стандартамі. Але якая дапамагае тым, хто сапраўды патрабуе гэтую дапамогу і знаходзіцца ў небяспецы. Што тычыцца пытання “Як да гэтага ставіцца грамадства? “ я нездарма пачаў прыкладам Чэхіі. Грамадства заўсёды ставіцца неталерантна. Але я асабіста ведаю, што калі б у 30-х гадах мая прабабуля разам з маёй бабуляй не уцекла з украінскай Макееўкі ў Беларусь, то я б проста не нарадзіўся. І тое, што тады ім далі першы кавалак хлеба (а канкрэтней пару бульбін), тады стала для маёй сям’і проста вырашальна.

Ясна, што па мігрантах з Украіны бачым абсалютную талерантнасць беларусаў, але да ўцекачоў з мусульманскіх краінаў ставіцца далёка не так прыяўна. Таму трэба працаваць з грамадствам, паказваць нашым людзям прыклады і гісторыі рэальных уцекачоў.

Даведка. За перыяд 2004-2015 год з заявай аб атрыманні рытулку у МУС РБ звярнулся 2 707 чалавек. З іх 910 атрымалі прытулак, 930 атрымалі дадатковую абарону.