Беларусь-2015. Падзеі, выклікі і пытанні году.

Паварот на Захад: ілюзія ці рэальнасць?

Трэба аддаць належнае: за мінулы год афіцыйны Менск здолеў дамагчыся максімума на дыпламатычным полі. Аптымальна выкарыстаўшы свой статус як пляцоўкі для перамоваў па Украіне, беларускі МЗС развіў працу па ўсіх напрамках. У Менск вярнуўся амбасадар Швецыі. ЗША аслабіла санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў і намякнула аб магчымым паляпшэнні стасункаў. Менск рэгулярна наведвалі дэлегацыі ЕС і Вышэградскай групы. Міністр МЗС Макей і ягоная намесніца Купчына, у сваю чаргу, прапрацоўвалі ўсе магчымыя еўрапейскія сталіцы: ад суседніх Вільнюса і Рыгі да Любляны.  У выніку ўжо да прэзідэнцкіх выбараў пачалі гучаць чуткі аб прыпыненні еўрапейскіх санкцый. Што і здарылася адразу ж па сканчэнні галасавання, незважаючы на крытычныя рэпорты еўрапейскіх назіральнікаў.

Складана сказаць, што было найбольш цяжкім для Лукашэнкі ў гэтай ўгодзе. З аднаго боку традыцыйна давялося вызваліць палітвязняў. Аднак гэтым разам прэстыж Лукашэнкі амаль ніяк не быў закрануты. Наадварот. Яшчэ на пачатку года ціск на ўжо існуючых палітвязняў павялічваўся, прычым чым бліжэй да выбараў, тым больш. І ўсё гэта адначасова з актывізацыяй кантактаў з Еўропай. Здавалася, Еўропа прымірылася з сутнасцю Лукашэнкі і вырашыла сканцэнтравацца на перацягванні Лукашэнкі на Захад на ягоных умовах. Тым не менш, у выніку за некалькт тыдняў да выбараў усе вязні былі памілаваны.

З другога боку Расія, наадварот, вырашыла ўчыніць Лукашэнку сапраўдную публічную праверку на лаяльнасць. І аднабакова заявіла аб планах у хуткім часе стварыць у Беларусі авіябазу. Афіцыйны Мінск–і Міністэрства абароны, і сам Лукашэнка– некалькі месяцаў адбіваўся як мог

Умяшальніцтва Расіі ў вайну супраць Ісламскай дзяржавы яшчэ больш пераканала Менск прытрымлівацца незалежнай палітыкі. Аднак, цалкам казаць пра вырашэнне пытання пакуль што не выпадае. Прынамсі сам Лукашэнка ужо неаднаразова казаў, што пагадзіўся б размясціць у Беларусі расійскія самалёты, але з беларускімі пілотамі. З улікам грунтоўнай прарасійскасці беларускага афіцэрства, напэўна, цяжка будзе назваць гэта хаця б кампрамісам.

На фоне знешнепалітычных поспехаў сітуацыя на рынку працы Беларусі не такая пагодлівая. Нават паводле афіцыйных дадзеных беспрацоўе ў краіне ўзрасло ўдвая і складае зараз 1% ці ў абсалютных лічбах 42 тысячы грамадзян, то бок толькі тых, што стаяць на ўліку біржы працы. Да таго ж існуе ўжо класічнае для Беларусі прыхаванае беспрацоўе ў форме частковай занятасці, калі працадаўцы не маюць працы для сваіх работнікаў, але і звольніць іх не могуць, і у выніку абмяжоўваюць працоўны тыдзень некалькімі днямі. Такіх часткова беспрацоўных толькі за першыя 9 месяцаў 2015 года налічылася 182 000 чалавек. Калі дадаць да гэтага незарэгістраваных беспрацоўных, якіх ўрад абклаў падаткам на дармаедства, лічбы можна смела павялічваць.

Працоўныя ўмовы не задавальняюць не толькі беларусаў. Упершыню ў гісторыі Беларусі ў гэтым годзе адбыўся страйк туркменскіх рабочых, а кітайскія будаўнікі ўчынілі цэлы марш на Мінск. Супакоіць і вярнуць на працу іх здолела толькі  амбасада КНР.

Валавы ўнутраны прадукт скараціўся на 3,9% у параўнанні з мінулым годам. Агульная дзяржаўная запазычанасць вырасла на 50%. Аднак існая сітуацыя не перашкодзіла Беларусь абвесціць аб планах правесці дэнамінацыю і нават упершыню займець уласныя манеты.

Цягам усяго года тэма непазбежнасці рэформаў уздымалася прадстаўнікамі ўлады нават часцей, чым апазыцыяй. Найбольш тут адзначыліся намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Мікалай Снапкоў і памочнік Лукашэнкі Кірыл Руды. Тым не менш рэфармісцкае лоббі натыкнулася на рашучае публічнае абурэнне Лукашэнкі і пакуль што новых планаў не выказвае.

Наадварот, Лукашэнка ўпершыню за ўсе 20 год практычна не змяніў урад пасля выбараў (змяніўся толькі адзін міністр). Гэты ўрад ужо назвалі ўрадам “стагнацыі”.

Праўда, пакрысе непапулярныя рашэнні пачынаюць прымацца. Гэтак поўнай хадой ідзе падрыхтоўка грамадства да падвышэння пенсінага ўзросту і скарачэння дэкрэтнага адпачынку. Адначасова абвешчана аб падаткаабкладанні працэнтаў на банкаўскія ўклады.

Немалую перамогу атрымала беларускае міністэрства адукацыі. У траўні, з чарговай спробы, па паскоранай працэдуры і негледзячы на шэраг пратэстаў, Беларусь прынялі ў Балонскі працэс.

Новы міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, здавалася, цалкам паланіў грамадства слушнымі развагамі аб еўрапейскім шляху беларускай высокіх школаў. Аднак напрыканцы восені галоўны ВНУ краіны–Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт–атрымаў свой першы “балонскі” тэст па пытанню акадэмічных свабодаў. Справа ў тым, што ва ўніверсітэце вырашылі перавесці на платную аснову ўсе перасдачы (апроч першай спробы). Нават просты сбор подпісаў сярод незадаволеных студэнтаў сутыкнуўся з супрацьдзееннем рэктарату. Пасля невялікай студэнцкай дэманстрацыі міністр Жураўкоў выказаў меркаванне, што з такімі студэнтамі і адміністрацыям ВНУ трэба паводзіць сябе больш агрэсіўна. Рашэнне аб аплаце пераздачаў засталося незмененым.

Надзвычай цяжкім выдаўся год для беларускай дэмакратычнай апазіцыі. Упершыню ў прэзідэнцкіх выбарах не ўдзельнічаў ніхто з больш-менш вядомых лідараў апазіцыі. Аляксандр Мілінкевіч, Уладзімір Някляеў адмовіліся ад ўдзелу самі. Мікола Статкевіч быў за кратамі. А такія прызнаныя партыйныя босы як  Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін не змаглі сабраць патрэбныя подпісы.

Меркавалася, што адзіная баяздольная кааліцыя “Народны рэферэндум” цалкам падтрымае кандыдатуру Таццяны Караткевіч, аднак да дня выбараў Караткевіч хоць і дайшла ў статусе адзінай застаўшайся дэмакратычнай кандыдаткі, але без падтрымкі кааліцыі.

Пасля выбараў адбывалася некалькі спробаў перафарматавання дэмакратычных сілаў. Гэтак, былая кандыдатка ў прэзідэнты, лідарка руху “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч,пакуль што  фактычна не мае хаўруснікаў, апроч уласнага руху.

Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў хоць і праводзяць рэгулярныя вулічныя акцыі, аднак таксама не маюць шырокай групы падтрымкі. Прынамсі аб гэтым пакуль нічога не вядома.

Тры арганізацыі (хрысціянскія дэмакраты, Аб’яднаная грамадзянская партыя і рух “За свабоду”) ўжо паспелі стварыць правацэнтрысцкую кааліцыю.

Аднак спроба апазіцыі вярнуць сабе месца ў дыялогу Еўропа-Беларусь пакуль што скончылася безпаспяхова. Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі адмовілася пасярэднічаць у перамовах апазіцыі з уладай, і апошнія заўважаныя  кантакты апазіцыі з Брусэлем  ідуць толькі  па лініі Еўрапейскай народнай партыі.

Безумоўна галоўнай падзеяй году сталася аднак не чарговае пераабранне Лукашэнкі прэзідэнтам, а прысуджэнне Святлане Алексіевіч Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Нельга сказаць, што беларусы проста прынялі гэты факт і ўзрадваліся. Сама Алексіевіч яшчэ месяц была вымушана “даводзіць” суайчыннікам, што яна свая, беларуская пісьменніца, хай сабе і рускамоўная. Любым разам аднак ужо зараз можна казаць, што ў Беларусі з’явіўся агульнапрызнаны маральны аўтарытэт, з якім давядзецца лічыцца ўсім.