Падатак на беспрацоў’е

2 месяцы атрымалі беларускія чыноўнікі ад Аляксандра Лукашэнкі на распрацоўку плана барацьбы  з дармаедствам.  Менавіта так сёння прапануецца называць доўгачасовых беспрацоўных, што адмаўляюцца ад дзяржаўных прапановаў працы.

Апошні раз на вышэйшым узроўні падобныя словы ў Беларусі гучалі бадай што  на пачатку 80-х гадоў.  Тады генеральны сакратар  кампартыі Андропаў абвесціў вайну беспрацоўю, назваўшы яго «дармаедствам”. Пад час той хвалі барацьбы са схаваным беспрацоўем даходзіла да таго, што ў пошуках “паразітаў” міліцыянты маглі проста правяраць дакуманты ў наведвальнікаў крамы, якім не пашанціла зайсці і трапіць пад іх ўвагу ў працоўны час.

Сёння ж Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі непакояць 500 тысяч афіцыйна  непрацаўладкаваных грамадзян. Лічба і сапраўды ўражвае, калі ўлічваць, што агулам працаздольнае насельніцтва краіны складае каля 6 мільёнаў.  Па словах самога Лукашэнкі:“Насельніцтва краіны старэе. Калі ў 2010 годзе на аднаго (непрацуючага-Рэд.) было 2,7 чалавека ў працаздольным узросце, то гэты паказальнік сёння імкнецца да 2. Такім чынам, паводле ягонага прагнозу, варта чакаць дэфіцыту працоўнай сілы, павелічэння нагрузкі на сацыяльную абарону, найперш на сістэму ахову здароў’я і пенсій.

Стымуляваць беларускіх грамадзян збіраюцца адразу па некалькіх франтах.

Так, Міністэрства унутраных справаў РБ ужо прапанавала увесці адміністратыўную адказнасць за “дармаедства”. Паколькі беларускае права пакуль яшчэ не ўтрымлівае ні зместа такога злачынства, ні мераў пакарання, прапануецца караць тых, хто не плаціць дзяржаўныя падаткі і мыты больш чым 6 месяцаў.

Грамадскую ж думку да ашчаднасці пачалі рыхтаваць задоўга да даручэння прэзідэнта.  Яшчэ да таго, як гэта стала трэндам,  віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік  увесь апошні год публічна заклікаў  увесці падатак на “дармаедства”. ( Гэта не першае ноу-хау, прапанаванае ім.   Паміж  іншым з ягонай падачы беларусам “прапаноўвалі”: ліміт на бесплатныя наведванні шпіталёў,  заканадаўча абавязаць дарослых дзяцей даглядаць сваіх састарэлых бацькоў, канфіскацыя аўтамабіляў за нецвярозае ваджэнне, абмежаванне начнога продажу алкаголя  і г.д. Трэба аддаць належнае “лаббісцкаму” таленту віцэ-прэм’ера. Машыны нецвярозых кіроўцаў цяпер  і сапраўды канфіскуюцца. Дый падатак на “дармаедства”, прапанаваны МУСам, як бачым, таксама ягоная ініцыятыва.)

Апроч Тозіка і МУС па тэме выступілі ці не ўсе чыноўнікі Беларусі: дэпутаты, старшыня Нацыянальнага банку, генеральны пракурор, кіраўнікі рэгіёнаў. Па сутнасці, усе іх каментары зводзяцца да наступнага: той, хто не плаціць падаткі, не зможа карыстацца сацыяльнай падтрымкай дзяржывы”

У той жа час беларускаму ўраду рэкамендавана вырашаць кадравы недахоп выключна ўнутранымі сіламі, без празмернага прыцягнення замежных кадраў. У тым ліку і каб пазбегнуць этнічнай напружанасці.

Пакуль што рана казаць, чым скончыцца чарговая “кампанія” прэзідэнта. Мінулы праект пад умоўнай назвай “Мадэрнізацыя”  (у першую чаргу прамысловасці) скончыўся гучнымі скандаламі і крымінальнымі справамі за растрачаныя грошы. Што праўда, гэтым разам  даручана абыйсціся  энтузіязмам і без прыцягнення дадатковага бюджэтнага фінансавання.