Што чакае беларускую апазіцыю пасля гэтых выбараў?

Парламентскія выбары 11 верасня 2016 года меліся быць шараговай акцыяй без гучных сюрпрызаў і нечаканасцяў. Нават традыцыйныя чуткі аб магчымым допуску ў парламент некалькіх вонкава дэмакратычна, а па сутнасці падкантрольных уладам дэпутатаў, не карысталіся такой папулярнасцю як у 2008 ці 2012 годзе. Безумоўна, меркавалася, што такія палітыкі, як, напрыклад, Таццяна Караткевіч, кандыдатка ў прэзідэнты на выбарах 2015 года, мусілі б ледзь не аўтаматычна трапіць у склад палаты прадстаўнікоў. Разам з тым, дасведчаныя эксперты нагадвалі пра ранейшыя бясплённыя надзеі іншых апазіцыйных кандыдатаў, дакладна больш дамоваздольных і прадказальных, чым лідарка “Гавары праўду”.

(Таццяна Караткевіч)

Апроч Караткевіч, дэпутатскае месца бачылі і для намесніцы кіраўніка “Таварыства беларускай мовы” Алены Анісім. У свой час Анісім таксама мела прэзідэнцкія амбіцыі, аднак пасля вырашыла сканцэнтравацца на больш рэалістычных задачах.

Тым не менш, з цэлага спісу верагодных дэпутатаў ( акрамя ўжо згаданых спадарынь, гэта і яшчэ адзін прадстаўнік “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў, і намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч, і некалькі кандыдатаў, незвязаных ні з уладамі, ні з апазіцыяй) свой мандат атрымала толькі Алена Анісім.

(Алена Анісім)

Сапраўднай сенсацыяй, аднак, сталася перамога маладой прадпрымальніцы Ганны Канапацкай, прадстаўніцы жорстка апазіцыйнай Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Той самай партыі, якая найбольш паслядоўна крытыкуе існуючы парадак правядзення выбараў і сваёй праграмнай мэтай ставіць сёння перадусім свабодныя выбары. Шок “перамогі” ў выніку на суткі паралізаваў дзейнасць АГП, якая была вымушана вырашаць, ці прымаць дэпутатскі мандат. Справа ў тым, што паводле дадзеных назіральнікаў і журналістаў, падлік галасоў на гэтай акрузе нічым не адрозніваўся ад астатніх па краіне, і назваць перамогу Канапацкай “чыстай” можна вельмі ўмоўна. Вастрыні сітуацыі дадаваў і той факт, што на гэтай жа акрузе балатавалася і ўжо згаданая вышэй Таццяна Караткевіч, якая пры ўсіх пытаннях да яе апазіцыйнасці мела ў разы большую пазнавальнасць і ў краіне, і ў акрузе. У выніку, частка кандыдатаў ад АГП выказаліся катэгарычна супраць прыняцця такога “нелігітымнага” мандату.

Тым не менш, пасля кансультацый з партнёрамі па кааліцыі, мандат Канапацкай быў прыняты. Было вырашана, што мець хаця б адзін голас у парламенце лепш, чым ніякага. Да таго ж, нават сённяшні статус дэпутата надае якія-ніякія, але большыя магчымасці для палітычнай працы. Як мінімум, гэта права на дэпутатскія запыты, што ўжо важна ў краіне, дзе няма свабоднага доступу да інфармацыі.

(Ганнa Канапацкая)

Пакуль рана казаць, ці здолеюць новаабраныя дэпутаткі зрабіць рэвалюцыю ў парламенце, аднак сам факт іх абрання дазволіў многім журналістам казаць аб кардынальных саступках Менска Захаду, і адначасова паставіць пытанне аб змене кіраўніцтва беларускай апазіцыі. Перадусім, хаця б у АГП, дзе Анатоль Лябедзька старшынствуе з 2000 года. Гэтак, ці не самым папулярным пытаннем стала ці пагадзіцца Лябедзька працаваць памочнікам дэпутаткі Канапацкай.

І такая ракіроўка сёння не сталася б чымсці дзіўным. Агулам можна нават казаць аб цэлым трэндзе высоўвання наперад жанчын-актывістак, займаючых раней другасныя пазіцыі.

Гэта і Таццяна Караткевіч, якая хай пакуль з пераменным поспехам, але імкнецца давесці, што не з’яўляецца ценем свайго калегі Андрэя Дзмітрыева. Гэта і Алена Анісім, якая ўсё больш пачынае выцясняць з медыйнай прасторы свайго шэфа па Таварыству беларускай мовы Алега Трусава.

І Трусаў, і Лябедзька звышдасведчаныя палітыкі па беларускіх мерках. Абодва былі дэпутатамі Вярхоўных саветаў і маюць досвед партыйнага  кіраўніцтва. Ці пагадзяцца яны гуляць другія ролі на фоне сваіх “выпадкова” прабіўшыхся ў парламент калег—вялікае пытанне. Гэтак сама, як невядома, ці вырастуць самі новыя дэпутаткі ў самастойных палітыкаў альбо застануцца проста сімваламі “дамоўленых” выбараў.

Тым не менш,  і ў астатніх апазіцыйных структурах кіраўніцтва можа змяніцца ў бліжэйшы час. Размова перадусім аб “Руху за свабоду”, чый кіраўнік, гранд беларускай палітыкі Аляксандр Мілінкевіч абвесціў аб сыходзе. За вакантнае месца будуць змагацца абодва ягоныя маладыя намеснікі—Юрась Губарэвіч і Алесь Лагвінец.

Праз год мае пакінуць сваю пасаду і старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Аб гатоўнасці замяніць яго ўжо паспеў заявіць Алесь Міхалевіч.

Галоўны выклік але для апазіцыі сёння, канешне, не проста змена абліччаў, але новыя праграмныя зместы і метады працы. І як гэта вырашыць—пытанне адкрытае.